ШЧЫРАСЦЬ ЮНАЦКАГА СЭРЦА

Пад такой назвай на базе раённай бібліятэкі адбылася творчая вечарына, прысвечаная 95-й гадавіне з дня нараджэння аматара паэтычнага радка Леаніда Гаўрылава.
Наш зямляк нарадзіўся 2 лютага 1918 года ў в. Бердыж. Шмат чытаў, захапляўся творамі А.Пушкіна, Я.Коласа, Я.Купалы, У.Шэкспіра і іншых вядомых класікаў. Атрымаўшы сярэднюю адукацыю, Леанід паступае вучыцца ў Мінскі інстытут народнай гаспадаркі. Тады ж друкуе свой першы верш у часопісе “Полымя”, спрабуе сябе на старонках газет “Літаратура і мастацтва”, “Гомельская праўда”. У хуткім часе хлопец пераводзіцца ў Гомельскі педагагічны інстытут на літаратурны факультэт. Там і пачалося яго ўзыходжанне на паэтычны Алімп. Але марам і планам Леаніда Гаўрылава не было дадзена споўніцца – таму перашкодзіла вайна. Ён дужа моцна любіў сваю Беларусь, малую радзіму і землякоў. І быў адным з першых, хто стаў на абарону Радзімы. Але і там, на перадавой, у хвіліны кароткага зацішша ён знаходзіў момант, каб занатаваць свае думкі і гарачыя пачуцці на аркушах паперы.
…Разам з недапісаным радком жыццё Леаніда Гаўрылава абарвалася ва ўзросце 23-х гадоў. Ён згарэў у танку падчас боя з ворагамі. Абарваўся верш, не стала чалавека. Ужо больш ніколі ён не распавядае нам пра свае летуценні і хваляванні. І толькі прасякнутыя душэўным болем і вялікай любоўю рыфмаваныя слупкі могуць расказаць пра яго надзеі і пачуцці, пра тое няздзейсненае, але такое блізкае і жаданае. Юбілейную вечарыну мясцовага паэта падрыхтавалі бібліятэчныя работнікі, канцэртную праграму прадставілі настаўнікі і выхаванцы дзіцячай школы мастацтваў.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика