СЛЕД ЯГО светлы

23 студзеня ў гісторыка-этнаграфічным музеі адбыўся вечар-успамін у сувязі першай гадавіны з дня заўчаснай смерці беларускага рэжысёра Мікалая Макарцова.
“Памёр на свеце чалавек… Не скалыхнулася планета…”. Так, жыццё пасля смерці Мікалая Макарцова на зямлі не спынілася. Па-ранейшаму кожную раніцу ў вокны дамоў заглядвае заранка. Як і заўсёды людзі спяшаюцца на працу, цалуюць сваіх каханых, выстройваюць планы на заўтра. Усё ідзе звычайнай чарадой і ў чачаран. І толькі ў мінулую сераду многія з нас прыціхлі на хвіліну, успомніўшы позірк, усмешку і мяккі голас чалавека, які жыў і дыхаў разам з намі яшчэ год назад.
Рэжысёр-пастаноўшчык рэспублiканскiх тэатралізаваных святаў i фестываляў, даследчык народнай тэатральнай культуры, фалькларыст, сцэнарыст, аўтар п’есы «Тураўская легенда», кнiг «Каб не перасыхала крынiца», «Слова пра творцаў», «Па святочных шляхах Беларусi», сцэнарыяў народных свят i абрадаў «Беларусь святкуе» Мікалай Макарцоў добра вядомы і на Чачэршчыне. Раённыя фэсты і тэатралізаваныя дзеі пад яго рэжысурай адрозніваліся сваёй актуальнасцю, шырынёй аўтарскай задумкі, адметным сюжэтам. Гэта дзякуючы яго невычэрпнай фантазіі, мастацкай выдумцы і вялікаму таленту так шырока і маляўніча горад адзначыў два свае юбілеі з дня заснавання, многія фальклорныя і дзяржаўныя святы. Чачаранам пашчасціла працаваць і быць знаёмымі з гэтым таленавітым і апантаным чалавекам. Валодаючы вялікім дарам арганізатара, нястомнай энергіяй і шматлікімі рэжысёрскімі ідэямі, ён вучыў любіць усё жывое, шанаваць свой край і захоўваць яго культурныя каштоўнасці. Толькі дзякуючы яго ўпартасці і творчаму запалу на Чачэршчыне пачаў дзейнічаць адзіны ў сваім родзе на Беларусі графскі тэатр. Рамантык, акцёр, летуценнік, добры сябар, ён часам ахвяраваў уласнымі патрэбамі дзеля агульнай справы, дзеля аднаго кароткага імгнення свята, адной хвіліны радасці для ўсіх.
– На жаль, Мікалай Фёдаравіч застаўся для многіх нас не зусім зразумелы, не так успрыняты, не да канцы выслуханы, – успамінае пра сябра, калегу і таварыша намеснік старшыні райвыканкама Пётр Несцяровіч. – Мы мала надзялялі ўвагі і надавалі цаны таму, што ён рабіў, аб чым марыў, над чым працаваў. Мы не змаглі поўнасцю раскрыць і зразумець яго ўнутраны свет, яго душу і светлыя памкненні. Ён шмат чаго зрабіў для раёна, для захавання мясцовых традыцый і культурнага развіцця Чачэршчыны. І яго след не сцярэцца з памяці ўдзячных чачаран, не згубіцца на гістарычных скрыжаваннях часу. Рэалізацыя творчых праектаў Мікалая Макарцова стане працягам яго напоўненага, бурнага, але такога кароткага жыцця.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика