АПОШНІЯ СТАРАЖЫЛЫ ПАСЁЛКА КАЛІНІНА

Землі чачэрскага засажэўя пераважна лясістыя, сухія і пясчаныя. Тым не менш сярод густога бору, паміж высокіх соснаў тут некалі людзі пачалі будаваць сваё жыллё. Вянок за вянком, хата за хатай – так у пачатку ХVІІІ стагоддзя адбудавалася вёска Палессе на дзевяць двароў. Пасяленне расло, памнажалася колькасць яго жыхароў, ва ўсе бакі вольна раскінуліся шырокія вуліцы. А калі палясчанам стала цесна, побач сталі ўтварацца невялікія паселішчы, куды ад бацькоў пераязджалі дарослыя дзеці са сваімі сем’ямі. Так на карце Палескага сельсавета ў пачатку мінулага стагоддзя з’явіўся пасёлак Пясчаны. Роўна ў радок, адзін да аднаго прытуліліся тут больш двух дзесяткаў двароў. У кожным – не менш як па шэсць-сем дзяцей. Весела жылося насельніцтву, вуліца гула ад дзіцячых галасоў, грымелі вёдры, за ваколіцай заліваліся галасістыя жнеі, а ад квецені – усё белае. …Даўно тое было. У гэтым годзе адтуль выехала апошня сям’я. Муж і жонка Юрчанкі пераехалі ў в.Балсуны, бліжэй да людзей. Марыя Андрэеўна гэтаму толькі рада, а вось Фёдар Іванавіч усё яшчэ не звыкнецца з новым месцам жыхарства. І не дзіва, бо сэрцам і думкамі ён там, на сваёй печы, за сваім сталом, на роднай зямельцы. Аднак ад мінулага засталіся толькі ўспаміны.
Кажуць, за дазволам на будаўніцтва пасялення да самаго Міхаіла Калініна ездзіў дзядька Іван Зенькаў з Палесся. Раней да палітычнага дзеяча звярталася шмат грамадзян з усяго Савецкага Cаюза з рознымі просьбамі аб дапамозе. Вось і на гэты раз сабралі людзі грошы – хто рубль, хто траячку, і накіравалі да старшыні Усерасійскага цэнтральнага выканаўчага камітэта ганца. Можа, таму або ад таго, што ўздоўж ручая расло шмат каліны, пасёлак з Пясочнага перайменавалі ў Калініна. Весела жылося там людзям, хоць і цяжка. На сабе цягалі дровы, да крыві зразалі рукі пры падборцы ільну, на тачках вазілі чарназём на ўласныя агароды, капалі торф для дзяржаўных патрэб, гнулі спіны на калгасных палетках. Але, калі сядзе сонца, тут і там на прызбе – закаханыя, апрануўшы белыя хусткі, збіраліся на супрадкі бабы. Прыйдзе хвароба – ішлі вяскоўцы да мясцовых траўніц: хто дасць настою ад кашлю, хто дапаможа вылечыць спіну, хто пашэпча малітву ад урокаў ці злога нагавору. Гора ці радасць – заводзілі песню. А калі жадалі патаньчыць, ішлі да гарманіста. Дзед Міцька, інвалід з дзяцінства, заўсёды хадзіў з кастылём. Затое быў зайздросным музыкам. І, каб яго задобрыць, дзяўчаты ўзімку каталі старога на санках. Любіў ён вельмі пажартаваць з маладымі. Затое іграў для іх – ад душы. Ды наогул, быў майстрам на ўсе рукі: ён табе і пчаляр, ён табе і цясляр, ён і валенкі зваляе.
Але ўсё ж галоўным для жыхароў пасёлка была праца. Усё жыццё пасвіў калгасны статак, даглядаў пагалоўе жывёлы і Фёдар Іванавіч. За добрасумленныя адносіны да сваіх абавязкаў і плён ён быў узнагароджаны медалём у сувязі са 100-годдзем з дня нараджэння У.І.Леніна. Медалямі “За доблесную працу” і “Ветэран працы” адзначаны клопат Марыі Андрэеўны. Цяпер жа, здаецца, час адпачыць, а ногі самі вядуць на агарод, кліча зямелька. Відаць, такі ўжо ён неўтаймаваны, вясковы чалавек. Усё няма яму спакою. Бо калі заснеш, вось яно перад вачамі – і тая рэчка Каўпіта, і тое балота з журавінамі, і тая Сіўцова расчыстка, і кучаравая вішня ў белым вэлюме. Заные сэрца, зашчыміць у грудзях. Эх, прайшло жыццё, адшумела, нібы тая тонкая каліна над вадой…

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика