“ВАСЕМНАЦЦАТАЯ ПЕСНЯ ПРА ЛЮБОЎ…”

На самой справе добрых, сардэчных і мудрых песень у жыхаркі в.Бабічы Таццяны Дзмітрыеўны Лахцеравай не адзін дзесятак. І не толькі пра каханне і складаны жаночы лёс. Ёсць у яе рэпертуары абрадавыя, рэкруцкія, жніўныя, побытавыя і іншыя песні, якія дакладна адлюстроўваюць жыццё чалавека, народа, гісторыю пэўнай эпохі. Адкуль з’явілася такая прага да спеваў, Таццяна Дзмітрыеўна і сама не ведае. Расла яна сіратой, маці рана памерла, пакінуўшы гараваць на гэтым свеце сваіх непаўналетніх дзяцей. Маленькай Таццянцы тады было ўсяго два гады. Не давялося пазнаць ёй матчынай пяшчоты, можа, таму – ад нуды і сумоты – і запела душа дзяўчынкі. Калі падрасла, бегала разам з сяброўкамі ў мясцовы клуб. А потым і сама стала салісткай народнага ансамбля народнай песні, музыкі і танца “Лёс”. Але спачатку гэта быў звычайны аматарскі гурт, якім кіраваў таленавіты і шчодры на ўсмешку Аляксей Маркоўскі. Звонкі голас салісткі калектыву гучаў, нібы срэбны званочак. Вельмі ярка атрымоўваліся музычныя нумары ў дуэце з Аляксеем Данілавічам (асабліва прыгожа гучала “А я ў печы не паліла”), з Васілём Карпоўскім. Вясёлыя прыпеўкі ў пары з Аленай Янкоўскай былі яшчэ і відовішчнымі, бо жанчыны ўмелі іх па-майстэрску абыграць. Сіла галасавога дыяпазону салісткі была вялікая, гучанне мяккім і захапляючым. Таццяна Дзмітрыеўна з’яўлялася адной з яркіх артыстак, жамчужынай калектыву, носьбітам традыцыйнай нацыянальнай культуры. Яе песні зачароўвалі, прымушалі думаць, настройвалі на лірычны лад, падбадзёрвалі і выклікалі слязу. Яны былі розныя, але кожная несла свой настрой, сваю тэматыку, сваю думку: “Сізакрылы арол”, “Салавейка ў клетцы”, “Развяжыце мае крылы, дайце волю палятаць…”.
Песні, такія жывыя і кранаючыя. У гэтых няспешных цягучых мелодыях Таццяна Дзмітрыеўна нібы імкнулася патапіць свой салёны лёс, радкамі народнай мудрасці быццам расказвала пра нязграбнае жыццё, няўдалую жаночую долю. Як бы там ні было – яна заўсёды спявала. “Бывала, куды ні пайду – усё з песняй, – гаворыць пенсіянерка. – У поле, на работу, па ваду… Ці то ў печы паліць, ці траву ірваць, ці вячэру варыць – гуду сама сабе. Пайду па ягады, як завяду матыўчык – аж лес трашчыць. Гора, бяда – і плачу, і пяю”. Цяпер жанчына толькі ўспамінае былыя канцэрты, шматлікія выступленні, ды пераглядвае старыя фотаздымкі. А нахлыне настальгія, завядзе ціхенька на паўголаса старую матчыну, тужлівую жніўную, або прыпомніць словы жабрацкай ці вясельнай, адагрэе знаёмым матывам душу і – глядзіш, крыху палягчэе. Бо песня – верная і надзейная сяброўка, якая ніколі не падвядзе, не здрадзіць, не схлусіць.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика