ДУША, НАПОЎНЕНАЯ МАРАЙ

Калі ў творчай асобы ёсць пэўныя светлыя мары і надзеі, яна імкнецца ўвасобіць іх і атрымлівае ад гэтага асалоду. На шчасце, не толькі хлебам адзіным жыве чалавек, але яшчэ і сваімі ўчынкамі, ідэямі і памкненнямі. У жыхара аграгарадка Нісімкавічы Дзяніса Касцевіча сэрца перапоўнена любоўю да роднай зямлі і блакітнага неба, а рукі перадаюць гэтую пяшчоту, увасабляючы цёплыя пачуцці ў маляўнічыя карціны на белым палатне. Захапленне мастацкай творчасцю ў Дзяніса Канстанцінавіча, ураджэнца г.Баранавічы, з’явілася яшчэ са школьнага ўзросту, калі ён малым хлапчуком маляваў свае толькі яму зразумелыя творы на шпалерах. Калі бацькам надакучыла штогод рабіць рамонт у пакоях, яны запісалі хлапчука ў мастацкую школу. Там ён і атрымаў першыя навыкі валодання пэндзлікам. Цяпер набытыя веды дапамагаюць у творчай дзейнасці, Дзяніс з лёгкасцю піша карціны на любую тэматыку. З-пад яго рукі выходзяць цікавыя пейзажы, іконы, іншыя вобразы і тэматычныя сюжэты, якія прыходзяць на думку творцы і затым кладуцца на роўнае поле будучага шэдэўра. Сябры і знаёмыя Дзяніса часта звяртаюцца да яго з просьбай напісаць карціну, каб затым упрыгожыць ёю сваю кватэру. Таленавіты жывапісец за лічаныя гадзіны размалюе браму або ўпрыгожыць шэрую панэль дома, і памяшканне ці пабудова адразу набываюць зусім іншы, прывабны і казачны выгляд. Вельмі да сэрца мастаку графіка, якая займае ў яго творчасці асаблівае месца.
Адметнай рысай станоўчых якасцей гэтага чалавека служыць яшчэ і тое, што ён піша не толькі карціны, але і вершаваныя творы, прозу, рыфмуе прытчы. Філасофскія думкі як адбітак існавання ўсяго жывога знаходзяць сваё адлюстраванне на аркушах паперы і расказваюць чытачам пра сэнс жыцця, пра пакуты і радасць тонкай ранімай натуры, пра абарваныя высокія мары і крылатыя надзеі. Ужо выйшлі ў свет тры кнігі пад яго прозвішчам, сярод якіх зборнік вершаў “Жыццё – гадзіннікі”.
Вялікі гонар для Дзяніса – яго пяцігадовы сынок Улад. Хлапчуку перадаліся творчыя рысы характару, талент і светапогляд бацькі. Малюнкі Улада заўсёды выстаўляюцца на школьных выставах. Відаць, любоў да прыгожага, сваё асаблівае бачанне наваколля і мастацкі талент ён пераняў на генным узроўні. І хто ведае, можа, сярод нас падрастае геній.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика