НЕ БЫВАЕ ДАПАМОГІ ШМАТ

Клопатамі аб ветэранах Вялікай Айчыннай на Чачэршчыне заўсёды жывуць сацыяльныя работнікі, сельскія Саветы, педагогі і школьнікі. Абследаванне ўмоў пражывання, якое праводзіцца рэгулярна, дазваляе высветліць, у чым маюць патрэбу сталыя людзі. Зараз, напрыклад, да іх прыходзяць работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях з праверкай пажаранебяспечнасці жылля, а таксама з мэтай высветліць, ці не пашкоджаны ў дамах печы і электраправодка. І многія са сталых людзей звыкліся з неабходнасцю мець у сваіх домаўладаннях аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.
У бліжэйшы час аднаму з ветаранаў вайны сацработнікі дапамогуць прывезці гліну для рамонту печы. За бюджэтныя сродкі быў набыты штакетнік, які сёння ўпрыгожвае прыдамавую тэрыторыю жыхара вёскі Асінаўка Меркулавіцкага сельсавета М.М. Архіпенкі. Былы артылерыст застаўся апошнім ветэранам на вёсцы, больш дзесяці гадоў Міхаіл Максімавіч жыве адзін, пахаваў жонку, дзеці раз’ехаліся. Аднак адразу адгукнуліся на бацькаву просьбу дапамагчы — ўсталявалі плот, пафарбавалі, дапамаглі з пасадкай бульбы. Новая агароджа таксама і каля дома ветэрана ВАВ А.Я.Шапіленкі з вёскі Батвінава, тут замянілі яе больш за 80 метраў.
У некалькі сямей загінуўшых воінаў своечасова прыходзіць матэрыяльная падтрымка на набыццё дроў. Сярод іх жонкі, якія не дачакаліся з вайны мужчын, а таксама тыя жанчыны, якія маюць узнагароду “За доблесную працу ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Адной чачаранцы з іх ліку аказана матэрыяльная дапамога на правядзенне аперацыі па аднаўленню зроку. Заслужанаму чалавеку, інваліду вайны М.А. Раманаву ў мінулым годзе кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства “Вазнясенск” дапамагло адрамантаваць дах у верандзе, іншых пабудовах. Значна палепшыліся ўмовы пражывання інваліда ВАВ Л.Ф. Дамасканава. Зараз ён жыве ў райцэнтры ў аднапакаёвай кватэры, дзе ўсталявалі тэлефон. Сацыяльнае жыллё ветэрану выдзелілі пасля хадайніцтва работнікаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Вядома ж, дапамогі сталым людзям не бывае шмат. Сёння, як ніколі раней, ветэранам патрэбна падтрымка і прадстаўнікоў розных служб, і тых, хто жыве з дастойнымі павагі людзьмі побач.
Святлана ГЕРАШЧАНКА.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика