КЛІЧА БАЦЬКОЎСКІ ПАРОГ

На лузе ва ўсю моц стракочуць конікі, недзе ў вузкай канаўцы ціхенька бурліць вада, на белым рамонку прыгрэлася празрыстая страказа, над зялёным борам павольна праплываюць ватныя падушачкі-аблокі. А вакол – такая цішыня і хараство! Звычайны вясковы пейзаж…

Уся гэтая прыгажосць і замілаванасць так звыкла мясцовым жыхарам засажэўскай вёсачкі Высокая Грыва. Яны прывыклі і да гэтых пястратых матылёў, і да пахучых чабаровых лужкоў, і да бязмежнага зорнага неба, і да манатоннага сялянскага побыту. Гэта ў горадзе мы жывём у мітусні і спешцы, а там – на шырокіх валошкавых прасторах час нібы прыпыняецца. Магчыма, таму і людзі тут такія памяркоўныя і мудрыя. Вось што расказваюць старажылы пра назву пасялення: калі гаспадары вырашылі паставіць тут свае хаты, яны ўзышлі на высокі бугор, які выступаў на агульным ландшафце нібы грыўка. Пастаялі, азірнуліся і вырашылі – назваць вёску Высокая Грыва. Дзе была лясная паляна, там з’явілася аднайменная вуліца Палянка. На Кавалёўшчыне некалі жыў майстравіты каваль, а вуліца Хацееўка займела сваю назву вельмі проста – там пасяліліся тыя, хто гэтага хацеў. Калісьці населены пункт меў 70 двароў, працаваў магазін, а па вечарах і на дзяржаўныя святы насельніцтва сабіраў пад свой дах сельскі клуб. Тут праходзілі калгасныя нарады, святочныя мерапрымствы, на шырокім белым экране дэманстраваліся дакументальныя кінастужкі і вострасюжэтныя дэтэктывы. На тэрыторыі былога Будзішчанскага сельсавета дзейнічалі калгасы “Памяць Леніна” і “Сталінбуд”. Вясковым жыхарам хапала работы на бязмежных засажэўскіх палетках. Некалі падымаў сельскую гаспадарку і пенсіянер Павел Сцяпанавіч Блохаў (на здымку), працаваў загадчыкам жывёлаводчай фермы, брыгадзірам паляводчай брыгады і нават трактарыстам. У 1956 годзе разам з іншымі энтузіястамі паехаў на асваенне цалінных зямель. Апрацаваў 40 гектараў глебы, вырошчваў пшаніцу. Затым вярнуўся дадому. Прызнаўся, што доўгі час і сам не ведаў, што яго бацька Сцяпан Кірылавіч быў першым старшынёй калгаса “Памяць Леніна”. Потым яго прозвішча красавалася на інфармацыйным стэндзе клуба.
Сярод карэннага насельніцтва ўжо мала хто застаўся. Сёння ў вёсцы налічваецца 11 домаўладанняў з трынацаццю жыхарамі. Таццяна Іванаўна Баранава і Ганна Сямёнаўна Балотнікава (на фота) лепш за іншых могуць расказаць пра цяжкі сялянскі лёс. Дзень у дзень шмат гадоў яны ўкладвалі ў гэту зямлю свае сілы: вязалі ў снапы жыта, падбіралі лён, палолі буракі, буртавалі бульбу, выконвалі яшчэ шмат ручной сялянскай работы. Ці не ад таго жаночыя пальцы пакруціла, высушыла жылы, сагнула спіны? Аднак у тыя часы па-іншаму і нельга было, бо ўсе вяскоўцы разлічвалі толькі на свае мазолістыя далоні. Затое сёння яны на поўных правах карыстаюцца заслужаным адпачынкам. Ужо не трэба па ранішняй расе спяшацца на нараду, ніхто не загадвае, не прыспешвае. Вялікі аб’ём работы выконвае цяпер магутная тэхніка. А пенсінеры, аддаўшы на карысць роднай гаспадаркі па 40 гадоў працоўнага стажу, выстройваюць свае ўласныя планы, вырашаюць хатнія праблемы. А ў вольную хвіліну збіраюцца недзе на прызбе, або прысядуць на лаўцы каля старога дуплістага дуба ў чаканні перасоўнага аўтамагазіна і вядуць няспешную размову аб надзённым. Не-не, ды ўспомняць і сваю кіпучую маладосць: як хлопцы заляцаліся да вясковых дзяўчат, як ладзілі маёўкі за ваколіцай, як грамадой выходзілі на сенакос, як лоўка выбівалі каленцы пад вясёлыя гукі гармоніка Віктара Афанасенкі. Дарэчы, добрых гарманістаў было – на кожнай вуліцы. Але ў гэтага меўся нейкі асаблівы рытм і тактыка ігры, так, што ногі самі ішлі ў пляс. А вось лепшым майстрам драўляных бочак і ражак быў бондар Афанасій Клімянкоў. Усе ішлі з заказам менавіта да яго.
Не абмінула Высокую Грыву ваеннае ліхалецце. У жніўні 1943 года немцы спалілі вёску да тла, бязлітасныя языкі полымя знішчылі 82 двары і ўсе сядзібныя пабудовы. Але за вар’яцкія здзекі над людзьмі фашыстам помсцілі тыя, хто мог трымаць у руках зброю. Вызначыліся сваёй мужнасцю і баявымі подзвігамі, за што і былі ўзнагароджаны медалямі “За баявыя заслугі”, старшы сяржант Іван Іванавіч Архіпенка, яфрэйтар Аляксей Клімавіч Вераб’ёў і радавы Іван Емяльянавіч Блохаў, які яшчэ заслужыў медаль “За адвагу”.
…Балоты, лес, жоўтыя пяскі акружаюць маленькую ціхую вёсачку. І гэта толькі на першы погляд жыццё тут замерла. Па-ранейшаму на ранняй зорцы сустракаюць сонейка крыклівыя пеўні, ляпаюць сякерамі мужыкі, гоняць да вады гусіны вывадак гаспадыні. А ў выхадныя дні да бабуль збіраюцца іх унукі, наведваюць дзеці. І адыходзіць смутак, заціхае боль у суставах, а вочы напаўняюцца светлай радасцю. Няхай жа сцяжынка да бацькоўскага парога высокагрыўцаў не зарастае ніколі.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика