МЕДАЛЬ ЗА ПРАЦОЎНЫЯ ЗАСЛУГІ

– Што тут успамінаць, – паціскае плячыма Аляксей Конанавіч на маю прапанову расказаць пра свой працоўны пасляваенны шлях. – Час быў цяжкі, усім хапіла гора і мазалёў. Такое выпала жыццё, нікуды не дзенешся. Але не дай Божа гэтаму паўтарыцца.
Гаворачы пра працоўныя дасягненні пенсіянера, нельга не закрануць тэму вайны, бо яна чырвонай лініяй адзначана ў лёсе гэтага чалавека нібы крывавая рана і сёння балюча апякае сэрца. Да таго ж сіроцкая доля паспрыяла таму, што ўжо з маленства Аляксей Конанавіч умеў і за плугам хадзіць, і касой махаць, і сталярнічаць. А калі яшчэ бацька быў жывы, сям’я Круглікавых пераехала ў Омскую вобласць. На сялянскім падвор’і ўтрымоўвалася шмат хатняй жывёлы, меўся вялікі надзел зямлі. Аднак у перыяд раскулачвання лёс прымусіў вярнуцца дадому. Тут і загінуў глава сямейства на будаўніцтве свінарніка, пакінуўшы на нішчымніцу сямёра дзяцей. Усе яны дапамагалі матулі хоць неяк пракарміцца, але ежы не хапала, хадзілі басанож, была вялікая галота. Калгасная кантора знаходзілася як раз насупраць бацькавай хаты, таму калі патрэбна была хуткая сельскагаспадарчая дапамога, звярталіся ў першую чаргу да Аляксея. Лёгкі на пад’ём, спагадлівы і працавіты, ён выконваў усе даручэнні брыгадзіра. “Я рос ціхім і паслухмяным хлопцам, – успамінае А.Круглікаў, – таму быў нібы кур’ер для канцылярскіх работнікаў і такім неабходным для брыгадзіра. Хадзіў за боранамі, за распашнікам, а ў сенакосную пару працаваў на коннай жатцы. Даводзілася касіць і ўручную. Менавіта ў чэрвені 1941 года там у лузе я і сустрэў вестку аб вайне.
Як прыйшлі немцы, падлетку давялося працаваць і таго больш. Акрамя гэтага, кожны дзень над сям’ёй Круглікавых навісала пагроза смерці, бо яны лічыліся партызанскай сям’ёй. Два старэйшыя браты ваявалі на фронце, а муж сястры Ганны біў ворага ў тыле. Хутка да мужа далучылася і жонка, пасля таго, як яе траіх дзяцей немцы расстралялі пад Чачэрскам у супрацьтанкавым рове разам з іншымі мірнымі жыхарамі. Аляксей жа застаўся з маці. Каб неяк выратавацца ад фашысцкага гнёту і засцерагчыся ад варожай помсты, хлопец вымушаны быў прыкідвацца вясковым прастачком, і цудам пазбег адпраўкі ў Германію.
…Калі Чачэршчыну вызваліла Чырвоная Армія, ён працаваў інструктарам аддзела дзяржзабеспячэння ў райвыканкаме, вёў работу з сем’ямі загінуўшых воінаў і партызан па паляпшэнню іх матэрыяльнага становішча. Складвалі акты і выдавалі знаходзячымся ў нястачы адзенне, абутак, прадукты харчавання. Потым юнака забралі на тэрміновую службу, а пасля дэмабілізацыі ён вярнуўся дадому. Юнак меркаваў паехаць у вялікі горад і там пачаць новае жыццё. Аднак пасля ўгавораў тагачаснага старшыні калгаса Сямёна Сямкова, атрымаўшы пасведчанне на кіраванне аўтамашынай, Аляксей Конанавіч стаў вадзіцелем калгаса імя Кірава. Хлопцу далі новы самазвал, магутную машыну маладога вадзіцеля можна было заўважыць то тут, то там. Хаця заробак у перадавога работніка быў не вышэй, чым у астатніх. Аднак не гэта было галоўным. І ўвесь час, да выхаду на заслужаны адпачынак, мужчына знаходзіўся ў радах перадавікоў вытворчасці. На сваім аўтамабілі абкалясіў усю Беларусь, выконваў разнастайныя экспедыцыйныя рэйсы: дастаўляў муку, мінеральныя тукі, перавозіў жывёлу, зерне, лён агульнай вагой да 3,8 тоны, а беларускія яблыкі былі так дарэчы жыхарам Смаленска, Яраслаўля, Чарнігава, Кіева, Харкава, Іванава, Жытоміра, Вільнюса і іншых гарадоў Савецкага Саюза. Бывала, па 10 ходак за сезон рабіў. На ўсё жыццё ў памяці засталіся краявіды Маскоўскага Садовага кальца. Як гаворыць Аляксей Конанавіч, і сам не ведаў, што ездзіў па тых гарадах, дзе яго брат па-геройску ваяваў з нямецкімі акупантамі: Вялікая Дарніца, Малая Дарніца. Менавіта там Мікіта Круглікаў на сваім баявым танку першым прарваў варожую абарону.
За бездакорнасць і старанне Аляксей Конанавіч узнагароджаны медалямі “За доблесную працу” і “Ветэран працы”, шматлікімі граматамі, падзякамі і каштоўнымі падарункамі, быў пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва 1976 і 1979 гадоў. Станоўчай вытворчай дзейнасцю, як прызнаецца пенсіянер, ён як бы кампенсаваў згубленае жыццё свайго брата, Героя Савецкага Саюза Мікіты Круглікава, загінуўшага ў баях з нямецкімі захопнікамі. Жыў за дваіх, працаваў за дваіх, марыў за дваіх. Бо па-іншаму проста не мог – сумленне не дазваляла.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика