ПАКУЛЬ ЖЫВЁМ – ПОМНІМ!

Сівыя ветэраны мінулай вайны… Такія звычайныя і непрыкметныя людзі, але гэта толькі на першы погляд. У кожнага за спіной гераічны шлях за вызваленне краіны і яе шчаслівую будучыню. І калі нехта забыўся пра тое – вялікі грэх, бо каб не мужнасць і патрыятызм салдат Другой сусветнай, каб не іх самаахвяраванне і неўміручы подзвіг, не было б ні гэтых белых росаў на сакавітых лугавых палетках, ні рушніковых сцяжынак да зялёнага бору, ні хвалюючых песень пра каханне, ні васільковых вянкоў на валасах беларускіх дзяўчат, ні нас саміх. За кошт уласнага жыцця чырвонаармейцаў у прапацелых гімнасцёрках заваёўваліся і сённяшняя бэзавая раніца, і стюдзёны глыток з крынічнага ключа, і шчабятанне ластаўкі над вільчыкам хаты. Здабывала Вялікую Перамогу разам з іншымі абаронцамі Радзімы і мірнае насельніцтва: дзеці, падлеткі, жанчыны. Кожны па крупінцы – так і складваўся агульны ўсенародны шчыт чалавечай ненавісці і людской заслоны ад жорсткага і агалцелага ворага.
Чатырнаццацігадоваму Іваньку з в.Добрынь таксама хацелася хоць чым дапамагчы ў барацьбе з нямецкімі агрэсарамі. Любы ўчынак, які б стаў фашыстам на згубу, быў для яго важным. Калі немцы прыйшлі ў вёску, хлапчук усім сваім нутром узненавідзеў чужынцаў і іх прыхвасняў-паліцаяў. Аднойчы падлетка сустрэў знаёмы дзядька і шэптам спытаў: “Нам патрэбен партызанскі сувязны. Чалавек, якога б ніхто з фашыстаў на западозрыў. Хочаш дапамагаць Чырвонай Арміі?”. Вочы хлапчука загарэліся. З таго часу ён стаў выконваць загады партызан: хадзіў у разведку, паведамляў у лес пра варожую жывую сілу, перадаваў дадзеныя аб узброеннасці немцаў, дапамагаў у забеспячэнні змагароў 1-й Гомельскай партызанскай брыгады адзеннем і прадуктамі харчавання. Непрыкметнага шчуплага хлапчука фашысцкія патрулі свабодна прапускалі за вёску і толькі крычалі ўслед з яхіднай усмешкай: “Ганс! Ком, шнель, Ганс…”. Ён вольна шныраў каля нямецкага патруля і бакавым позіркам фіксаваў у памяці патрэбную інфармацыю аб дыслакацыі непрыяцельскага войска і яго перамяшчэннях. Вотчым Івана быў інвалідам, у яго адрэзалі нагу, і на пражыццё зарабляў няхітрым рамяством – шыў аднавяскоўцам боты. У вайну малы Іванька з вотчымам апрацоўвалі скуру жывёл і рыхтавалі цёплы абутак для партызан.
…Доўгі час Іван Паўлавіч Міхеенка не мог пацвердзіць сваё дачыненне да вызваленчага руху на Чачэршчыне. А нядаўна былы юны мсціўца атрымаў пасведчанне і медаль “Партызан Беларусі”. Але гэта не адзіная яго ўзнагарода. За добрасумленную і шматгадовую працу (усяго 50 гадоў вадзіцельскага стажу ў сферы сельскай гаспадаркі) на лацкане яго піджака красуецца ордэн Працоўнага Чырвонага сцяга, медалі “Ветэран працы” і значок за перамогу ў працоўным сацыяльным спаборніцтве. Калі ішоў на пенсію, гаспадарка выдзеліла перадавому работніку яго стары і надзейны МТЗ. Сёння заслужанаму працаўніку вёскі ўся радасць – гэта каб быць здаровым. А калі б змог, зноў сеў бы за руль, адчуў моц і жывое трапятанне свайго сталёвага каня, праехаў па чорнай ралле і ўдыхнуў хмяльны водар свежай баразны.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика