“Чачэрскія сустрэчы”

Традыцыйнае свята беларускай музыкі “Чачэрскія сустрэчы” ўжо шосты раз завітала на нашу гасцінную зямлю. Пачалося яно з прэс-канферэнцыі старшыні райвыканкама І.Кома і народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга.
У пачатку мерапрыемства М.Фінберг рассказаў прысутным аб творчай дзейнасці Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, адзначыўшы, што зараз вялікая ўвага надаецца папулярызацыі музыкі XX стагоддзя. И гэта вельмі важная справа, бо моладзь сёння не ведае ні прозвішчаў, ні твораў таленавітых кампазітараў гэтага перыяду. Расказаў маэстра і аб арганізацыі канцэртаў розных узроўняў, аб шматлікіх выступленнях за мяжой. І падзяліўся ўпэўненасцю ў тым, што самая важная для яго краіна – гэта маленькі беларускі гарадок. Таксама Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі рыхтуе свае праграмы з вялікай павагай да мілагучнай беларускай мовы. Між іншым, 31 выступленне было прысвечана музычным творам на класічныя вершы беларускіх паэтаў. І гэта адзін з крытэрыяў работы, разам з пошукам новых талентаў. Не абыйшлі ўвагай удзельнікі дыялогу і такую тэму, як умацаванне творчых сувязей майстроў мастацтва Беларусі і Расіі. За руплівую працу ў гэтым напрамку М.Фінберг стаў лаўрэатам прэміі саюзнай дзяржавы.
Не будзе памылковым сцвярджаць, што музычнае свята многія чакалі з нецярплівасцю, асабліва дзеці, якія захапляюцца музыкай. Хлопчыкі і дзяўчынкі мараць аб вялікай сцэне, і гэта светлыя жаданні. На пытанне начальніка аддзела адукацыі райвыканкама С.Мельнікавай аб тым, ці магчыма ў наступным годзе сумеснае выступленне ў Чачэрскім раёне, ці ў горадзе Мінску аркестра з выхаванцамі ўзорнай вакальна-эстраднай студыі “Дзеці сонца” раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, М.Фінберг адказаў, што згодны на гэтую прапанову.
Далей адбыўся канцэрт-пралог беларускай музыкі. Ансамблі флейтыстаў і трубачоў падаравалі слухачам, сабраўшымся ў вялікай зале райвыканкама, сапраўдную асалоду. Далей на пытанні прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, сярод якіх была галоўны рэдактар раённай газеты “Красногорская жизнь” Алена Сяўрук з братняй Расіі, а таксама іншых прысутных наконт сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця Чачэршчыны адказалі старшыня райвыканкама І.Ком, старшыня райсавета дэпутатаў С.Малюкоў, начальнік аддзела культуры райвыканкама М.Багданава. На прэс-канферэнцыі прысутнічала першы намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Вольга Антоненка. Яна падзялілася інфармацыяй аб тым, як з карысцю для душы арганізаваць праграму выхаднога дня, якія цікавыя выставы і тэатральныя прэм’еры чакаюць свайго гледача.
Размова завяршылася. Пасля невялікага перапынку ўсіх жадаючых запрасіла зала кінаканцэртнага цэнтра “Акцябр”, дзе адбыліся два цудоўныя канцэрты. Дзённы быў прысвечаны творчасці кампазітара Дзмітрыя Смольскага. А ўвечары сваё майстэрства чачаранам дарылі зоркі беларускай эстрады. “З павагай да Чачэрска” – так называлася гэтая праграма. Удзячнасцю да маэстра Фінберга былі напоўнены сэрцы многіх у гэты незабыўны дзень.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика