папрасіла музыкі душа

Не перастаеш дзівіцца шырыні і багаццю чалавечых талентаў. І заўсёды пры сустрэчы з імі раскрываеш для сябе нешта новае. Колькі раз даводзілася слухаць выступленні майстравітых меркулавіцкіх гарманістаў і захапляцца.
Лёс звёў разам гэтых апантаных музыкаў-аматараў шмат гадоў назад. І цяпер гэта – надзейнае звяно, стабільны калектыў і моцная ячэйка. А шлях да вяршыні славы ў кожнага быў свой асабісты. Васіль Казлоў ужо з пяці гадоў пачаў вывучаць тэхніку ігры на гармоніку. Ён вельмі зайздросціў бацьку, які лоўка выводзіў на трохрадцы вясковыя найгрышы. Нешта атрымоўвалася ў Васілёвага брата і яго сясцёр. Ну, як тут было ні спакусіцца. І ён разгарнуў мяхі. Спачатку гэта былі нясмелыя гукі пры трэніроўцы правай рукі, затым – спробы аб’яднаць галасы з басамі. Мелодыі падбіраліся на слых і спачатку даваліся нялёгка. Першае, што Васіль сыграў на публіку, была песня “Ой, дзяўчына, шуміць гай”. Цяпер падхапіць любы матыў, або падабраць акорды беларускіх танцаў для яго не складае ніякіх цяжкасцяў, гэта здольнасць жыве ўнутры гарманіста-самавучкі. Ён валодае сваёй асаблівай тэхнікай ігры, куды ўкладае і свае пачуцці, і настрой, і душу. З 1990 года працуе пры Меркулавіцкім ЦСДК акампаніятарам. Чалавек тонкай натуры і светлых памкненняў, ён яшчэ і цудоўны танцор.
У сёмым класе вырашыла падпарадкаваць сваім тонкім дапытлівым пальцам чорныя гузікі хромкі ўраджэнка Хойніцкага раёна Любоў Галубіцкая. У вёсцы тады валодалі гэтым народным інструментам многія, часта было чуваць вясёлы завадны акампанемент з суседняга двара. І ад гэтага жаданне абняць гармонік яшчэ мацней прыцягвала і падштурхоўвала дзейнічаць. У гурток гарманістаў, што быў адкрыты пры мясцовай установе адукацыі, яе спачатку не бралі – у Любы не было інструмента. Не прынялі яе і ў музычную школу: сказалі, позна, па гадах не падыходзіць. Але ўпартая дзяўчынка не здавалася, усё прасіла ў маці купіць гармонік. І ўжо ў 14 гадоў яна выступала на шырокай сцэне. А ў 8 класе матуля падарыла дачцэ баян. Так нарадзіўся талент. Цяпер разам з Васілём Казловым гэтым самадзейным музыкам няма роўных. Яны гарманічна дапаўняюць адзін аднаго, нараджаючы ў сваім дуэце чаргаванне гукаў, што зліваюцца ў яркую музычную гаму, дэманструючы непаўторнае і ні з чым непараўнальнае выканаўчае майстэрства. І, здаецца, само жыццё разліваецца салодкай мелодыяй з-пад хуткіх пальцаў унікальных гарманістаў.
Гучанне акампанемента не было б такім арыгінальным, калі б не падмацоўвалася рытмічным боем бубна. У дзяцінстве Валерый Казлоў назіраў, як яго бацька Аляксей Трыфанавіч роўна кладзе ўдар за ўдарам па нацягнутай мембране старога ўдарнага інструмента. Хлапчук таксама загарэўся прагай навучыцца выбіваць такт і рытміку боем. Сёння сваёй імправізацыяй ён задае тон усёй музычнай кампазіцыі. Імправізуе, фантазіруе і стварае аснову інструментальнага гучання. У свой час былы дырэктар Меркулавіцкага ЦСДК Алена Бозікава запрасіла бубніста ў “Меркулавіцкія вячоркі”. І з 1984 года творчыя здольнасці Валерыя Аляксеевіча сталі ўпрыгожваннем кожнага канцэртнага выступлення. Калі быў створаны калектыў “Чачэрскі гармонік”, яго майстэрства раскрылася ўсёй Чачэршчыне. Валодаючы тонкім музычным слыхам, мужчына з лёгкасцю падстройвае бубен пад народную песню або танец. Звонкі і трывалы інструмент спявае ў руках умельца ва ўнісон агульнаму настрою і аздабляе канцэртныя нумары віртуознымі варыяцымі.
Народны калектыў народнай песні і музыкі “Чачэрскі гармонік” аб’ездзіў усю Беларусь, пабываў на шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях, выклікаў авацыі ў расіян і ўкраінцаў. Чачэрскіх музыкаў ведаюць у Мінску і Паставах, артысты прымалі ўдзел у тэлеперадачы Генадзія Завалокіна “Іграй, гармонік”. Іх талент – гонар Чачэршчыны, іх перамогі – агульная радасць.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика