ПРЫЙШЛА ПАРА АД ВІДНА ДА ЦЯМНА

Увесь светавы дзень не пакладаючы рук прыйдзецца працаваць механізатарам і вадзіцелям сельгаспрадпрыемстваў на палях, кіраўнікам і галоўным спецыялістам як мага хутчэй вырашаць узнікаючыя праблемы, спецыялістам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама беcперапынна кантраляваць гэту працу. Пачалася вясенняя пасяўная кампанія, а значыць, напружанне адчуваецца ва ўсім.
“Сёння вядуцца работы па закрыццю вільгаці і падрыхтоўцы глебы, унясенню мінеральных угнаенняў, – расказаў на гэтым тыдні ў сераду начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А.В. Чарненка. – Прыступілі ўжо да сяўбы ў дзяржаўным прадпрыемстве “Вазнясенск”, на палетках якога першым у глебу трапіў авёс, а ў КСУП “Роўкавічы” пачалі з зернебабовых. З дня на дзень павінны прыступіць да сяўбы ў дзяржаўным прадпрыемстве “Звязда”, СГФ “Прыазёрны”, КСУП “Батвінава”. У апошнім увогуле сітуацыя цікавая: тут не было паднята зябліва на зіму плошчай 1400 гектараў, а не зроблена гэта таму, што салома з палёў своечасова не была прыбрана. На гэтым тыдні пачалі выпраўляць мінулагоднія недапрацоўкі. Калі лічыцца з правіламі агратэхнікі, зямлю можна засяваць толькі праз 14 дзён пасля яе ўзорвання. А на ўсю пасяўную кампанію адводзіцца 10 дзён. Штодзень неабходна засяваць каля 10 працэнтаў пасяўных плошчаў. У КСУП “Батвінава” ўсе спадзяванні на новую тэхніку. Гаспадарка чакае чатыры энерганасычаныя трактары, пасяўны агрэгат. Сучасная мадэль апошняга, дарэчы, дазваляе не вытрымліваць неабходныя тэрміны падрыхтоўкі глебы.
З пяці-шасці гадзін раніцы прыйдзецца прыступаць да адказнай справы. Ва ўсіх гаспадарках будзе арганізавана трохразовае харчаванне, запэўніў А.В. Чарненка. Раён цалкам забяспечаны кандыцыйным насеннем першай і другой рэпрадукцыі. ПСУП “Отар” авансам рэалізуе гаспадаркам раёна насенне зерневых і зернебабовых першай рэпрадукцыі. Разлік будзе здзяйсняцца пасля ўборкі ўраджаю. У гэтым годзе будуць павялічаны плошчы зернебабовых культур, якія павінны заняць дзесяць працэнтаў ад агульнай.
Наталля СУВАЛАВА.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика