БЕЗ ЧАРКІ – НЯМА НІ БЯДЫ, НІ СВАРКІ

У пачатку тыдня на базе Отарскага сельскага Дома культуры адбылося мерапрыемства па прафілактыцы алкагалізму і працаўладкаванню непрацуючай моладзі. Не сакрэт, што большасць адмоўных выпадкаў у жыцці чалавека з’яўляюцца вынікам празмернага ўжывання алкаголю. Як паведаміў начальнік раённага аддзела ўнутранных спраў Н.П. Братачкін, толькі сёлета на тэрыторыі Чачэршчыны здзейснена 50 злачынстваў, 40 з якіх – асобамі, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, а астатнія 10 % – дзеля набыцця спіртных напояў. Менавіта з-за прыхільнасці да алкаголю на ўліку ў Чачэрскім сельскім Савеце налічваецца 12 сем’яў, дзеці ў якіх знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. З боку зацікаўленых службаў рэгулярна вядзецца работа, накіраваная на наладжванне спрыяльнай атмасферы ў такіх сем’ях. На жаль, нярэдка намаганні спецыялістаў дарэмныя, бо дэградыраваўшыя маральна бацькі не жадаюць усведамляць няправільнасць сваёй жыццёвай пазіцыі. І дзеці ў такім выпадку трапляюць у прытулкі, а гора-бацькі – у спіс асоб, абавязаных пакрываць расходы, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне іх непаўналетніх дзяцей. Сёння сума запазычанасці па раёну складае каля 250 мільёнаў рублёў. Ёсць свае «даўжнікі» і ў сельскагаспадарчым прадпрыемстве «Отар». У кожнага з іх свая жыццёвая гісторыя, аб’яднаўшая ўсіх адным і тым жа пачаткам – непераадольнай цягай да спіртнога, перамагчы якую самастойна людзі не ў сілах. Трэба адзначыць, што асобныя з абавязаных і сёння маюць сур’ёзныя праблемы ў адносінах да алкаголю. І, як следства згубнага захаплення, расце колькасць прагулаў і сума запазычанасці перад дзяржавай. Прыкладам відавочнага нежадання змяніць для сябе штосьці ў лепшы бок з’яўляюцца Валянціна Медзіна (сума запазычанасці больш 10 мільёнаў рублёў) і Людміла Кураленка (больш 20 мільёнаў рублёў). Жанчыны, даўшыя жыццё двум і чацвярым дзеткам, сёння не толькі не цікавяцца іх лёсам, але і працягваюць весці амаральны лад жыцця, разлічваючы на тое, што такія ўчынкі сойдуць ім з рук. Дарэчы, у чым вельмі моцна памыляюцца. Калі ў хуткім часе яны не выправяцца, то будуць накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Тое ж пагражае і беспрацоўнай жыхарцы аграгарадка Любові Віктаравай. Гора-радзіцелька, усклаўшая ў свой час клопат аб дочках на плечы маці, пасля яе смерці вярнулася ў бацькоўскае гняздо. Ды толькі не дапамагчы сваім крывіначкам – матчын інстынкт ёй не ўласцівы. За час свайго пражывання з дзецьмі жанчына не падумала аб тым, каб працаўладкавацца. А вось дзеля чарговай чаркі ўжо неаднаразова выносіла з хаты рэчы, якія засталіся дзяўчынкам у спадчыну ад бабулі. Іншай беспрацоўнай маці траіх непаўналетніх дзетак Святлане Гапеенка пагражае пазбаўленне бацькоўскіх правоў. Зрэшты, насіць ганаровае імя маці яна даўно ўжо не заслугоўвае. Бо клопаты па выхаванню дзяцей ляжаць на плячах састарэлай бабулі.
На жаль, большасць з апынуўшыхся на слізкай сцяжынцы не згодны з тым, што ім патрэбна дапамога, вінавацяць усіх у перабольшванні рэальнай небяспекі становішча. І не задумваюцца над тым, што асноўная задача ўсіх зацікаўленых асоб – не адабранне дзяцей з сям’і, а стварэнне ў ёй здаровага, спрыяльнага для выхавання і развіцця дзіцяці становішча.
Безумоўна, ёсць і добрыя прыклады, але іх пакуль што няшмат. У ПСУП «Отар» гэта Надзея Іванаўна Яўстраценка – жанчына, якая знайшла ў сябе сілы пераадолець “зялёнага змія”, і зноў родны дах стаў па-сапраўднаму такім для яе дзіцяці. Менавіта яна – прыклад таго, што бязвыйсцевых сітуацый не бывае, і толькі самастойна чалавек можа знайсці адзінае правільнае рашэнне, здольнае змяніць яго жыццё.
Вольга ПЯКАРСКАЯ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика