КАРАЛЕВА ПРЫПЕЎКІ

Сапраўды, таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Каб пацвердзіць гэта можна прывесці шмат прыкладаў, і кожны з іх будзе адметны і непаўторны. Чачэршчына сапраўды багатая на таленавітых і цікавых творчых асоб. Нездарма ж некалі жыхары гарадоў-пабрацімаў, перад якімі неаднаразова выступалі нашы артысты, з захапленнем гаварылі аб адной чачаранцы наступнае: “Цудоўны чалавек, выдатная спявачка, жамчужына Чачэрскага раёна, сапраўдная каралева прыпеўкі”. Шмат страціў калектыў народнага фальклорнага ансамбля народнага танца, музыкі і песні “Лёс” в. Бабічы ў 2006 годзе, калі не стала гэтай самай каралевы – В. М. Багданавай. Творчасць яе па сённяшні час жыве ў душах сяброў, калег, аднавяскоўцаў.
Яшчэ ў юным узросце ёй, чатырнаццацігадовай дзяўчынцы, давялося паспытаць цяжару працы: умела і прасць, і касіць, і зерне малаціць, не размяжоўваючы справы на мужчынскія і жаночыя. Але калі чула душа“спеў” гармоніка, то забывала аб усім. “Ногі самі ходарам хадзілі”, – успамінала некалі жанчына. Таму і была адной з першых, хто стаяў ля вытокаў стварэння калектыву, ды сама па крупінцы малявала яго вобраз, гісторыю. Яе заўсёды лічылі і прадстаўлялі, як самую актыўную яго ўдзельніцу. Вольга Макараўна аб’ездзіла не толькі ўсю Беларусь. Любоў гледача яна заваёўвала, выступаючы на сцэнах суседніх Украіны і Расіі. Рэспубліканскія, абласныя, раённыя агляды мастацкай самадзейнасці, I і II фестывалі беларускай полькі на Чачэршчыне, фестываль беларускага народнага танца “Палескі карагод”, I і III Усесаюзныя фестывалі самадзейнасці народнай творчасці – гэта толькі частка ўсяго таго, дзе Вольга Макараўна заварожвала публіку яскравасцю свайго таленту. Лаўрэат першага Усебеларускага фестывалю гумару ў Аўцюках (1995 г.), удзельніца свята з нагоды Дня беларускага пісьменства і друку ў Тураве, госць нацыянальнага тэлебачання была ўзнагароджана Ганаровымі граматамі, дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Усім гэтым Вольга Макараўна праслаўляла вёску Бабічы і папаўняла скарбонку поспехаў ансамбля. Крочыўшы ўсё жыццё побач з “Лёсам”, яна стварыла свой непаўторны і непадобны да іншых лёс. Жыццё не песціла гэтую жанчыну: цяжкая праца, сям’я, выхаванне дзяцей, сярод якіх было больш няродных – усё гэта патрабавала шмат намаганняў. Але радасныя моманты, звязаныя з дзецьмі і творчасцю, прымушалі наперакор усяму ўсміхацца і жыць. Ды так, каб іншыя таксама з задавальненнем усміхаліся кожнаму новаму дню.
“Вельмі цікавы, унікальны і непаўторны чалавек, пры сустрэчы з якім заўсёды адчуваеш сябе беларусам”. Так гаварылі некалі с падмуркаў сцэны аб Вользе Макараўне на адной са святочных вечарын, прысвечаных дзейнасці калектыву. Дзякуючы працавітым рукам, яе асабісты дом заўсёды выглядаў як храм народнага мастацтва. Тут было ўсім утульна. Дарэчы так сябе адчувалі і тыя, хто крочыў па жыцці побач з гэтым чалавекам. “Весялосць і неардынарнасць, аптымізм і вера да апошняга дня заставалася побач з ёй, — успамінае мастацкі кіраўнік ансамбля “Лёс” П.С. Біжуноў. – Яна ўмела так заінтрыгаваць гледача сваімі паводзінамі, імправізацыяй і нават позіркам, як не мог і не зможа зрабіць больш ніхто ў нашым раёне. Якой была ў маладосці, такой яна і пакінула нас: добрай, вясёлай і жыццярадаснай”.
І гэта сапраўды так. Толькі яе прыпеўкі, якія ўзнікалі на сцэне спантана, маглі “узарваць” залу. А знакаміты танец з палкамі “Гірша з Міршай” сталі выконваць амаль па ўсёй рэспубліцы, пераймаючы талент Вольгі Макараўны. Тое, чаму вучыла яна юных удзельнікаў ансамбля, не згубіла сваёй прыгажосці і сёння. Кожны раз, рыхтуючыся да выступленняў, хлопчыкі і дзяўчынкі ўспамінаюць яе каштоўныя парады. “Яна вучыла нас не толькі народнай харэаграфіі, але і паводзінам на сцэне, – гаворыць юная ўдзельніца Ганна Міхалкоўская. – Звяртала ўвагу, што ўсмешка і той настрой, з якімі мы выступаем, абавязкова будзе перададзены гледачу”.
Магчыма ў гэтым і бачыла сэнс жыцця сама артыстка. Лёгка знаходзіла яна агульную мову з усімі, заварожвала прыемнымі эмоцыямі і жаданнем жыць, працаваць, спяваць і танчыць. Нават з жыцця ў 76 гадоў В.М. Багданава пайшла па-асабістаму – на наступны дзень пасля даравальнай нядзелі. Каб паспець прабачэння папрасіць ды ўсіх дараваць. Многія ўпэўнены: зорка каралевы прыпеўкі не згасне на небасхіле, таму што яе талент будзе жыць у песнях і танцах, якім яна паспела навучыць маладое пакаленне.
Таццяна ЯКУБОЎСКАЯ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика