ТОЛЬКІ РУКАМІ РАЗВЕСЦІ ЦІ ПОБАЧ ПРЫСЕСЦІ?

Менталітэт такі ў сялян – звыклыя да ўсяго. Могуць і кароў амаль без святла даіць, і на брудныя халаты садзіцца… А як жанчына будзе імкнуцца дагледзець жывёлу, калі пра сябе паклапаціцца не ўмее?
Малыя архітэктурныя формы ўпрыгожваюць уезд на МТФ “Меркулавічы” КСУП «Батвінава» – справа рук шэфаў: мясцовых артыстаў, выхавацеляў, педагогаў і вучняў. Аднак на самой ферме ні душавога, ні бытавога пакояў няма. У памяшканнях вада стаіць, плітка на падлозе ў дэфіцыце – рамонт, безумоўна, патрэбны. Скардзіцца пры гэтым толькі на кіраўніцтва, напэўна, не зусім правільна, хоць і з яго боку недапрацоўкі адчувальныя, але ж… Аператары машыннага даення прывязвалі кароў для дойкі. А ў гэты час іх верхняе адзенне чакала сваіх гаспадароў у мыечным блоку. І так, напэўна, не першы раз. Вінаватых шукаць бяссэнсава – кожны адмахваецца. Вось толькі чаму ў пакой лабаранта заходзіць — адно задавальненне? Тут і кветкі цвітуць, і тэлевізар працуе, і гарбатай з радасцю пачастуюць. А ўсё ад ініцыятывы самой лабаранткі Л.Ф. Філянковай. Людміла Фёдараўна расказвае, што некалі не толькі ідэю падала па абсталяванню бытавога памяшкання для аператараў машыннага даення, але і дапамагла яму набыць адпаведны выгляд. Толькі цяпер там зноў акрамя старых мэблі і “знешнасці” нічога не засталося (на здымку). Зноў хаас апанаваў! Не надта прывабны выгляд мае і пакой жывёлавода: падлога няроўная, не пафарбаваная ды і іншых недахопаў шмат. Відаць, у недагледжаных памяшканнях крызіс не столькі эканамічны, колькі духоўны. Дух светласці сюды калі і заглядае, то вельмі рэдка.
На МТФ “Батвінава” няблага абсталяваны пакой жывёлавода, падораны ў мінулым годзе прафсаюзнай арганізацыяй тэлевізар красуецца. Душавы пакой ёсць, і бытавы побач. Там люстэрка вісіць, гасцінна расстаўленыя сталы і стулы так і запрашаюць адпачыць. А раздзявалка ўвогуле захапляе сваёй акуратнасцю, тут шафаў для ўсіх работнікаў фермы хопіць. Вось толькі падчас нашага візіту якраз не аказалася святла ў цуда-пакоях: аказваецца, лямпачкі спатрэбіліся на больш карысныя мэты. А аператары машыннага даення пакідаюць сваё верхняе адзенне прама ля станкоў. “Потым у хату не зайсці”, – скардзіцца адна з іх. Ці не смешна? А вось на ферме ў Ветвіцы пра бытавыя ўмовы нават і не чулі. У пакоі жывёлавода вынікі падвесці немагчыма, прызнаецца заатэхнік гаспадаркі М.П. Парашчанка. “А для каго я буду рабіць. Там тры чалавекі працуе, і тыя амаль побач жывуць, навошта ім душ на ферме?” – выказвае сваю думку дырэктар сельгаспрадпрыемства У.І. Кебікаў. І яго погляд не абдзелены сэнсам, калі ўлічыць вышэй прыведзеныя прыклады. Немагчыма ўтрымацца ад пытання: хто ж найперш павінен быць зацікаўлены ў стварэнні належных умоў працы і адпачынку для жывёлаводаў? Колькі грошай траціцца толькі дзеля галачкі на набыццё матэрыялаў для абсталявання бытавых памяшканняў. А для каго? Хіба для правяраючых, каб адкрыць дзверы перад іх носам і паказаць: а ў нас усё ёсць. І задаволена ўсміхнуцца. І нічога страшнага, што ў душавой трубу прарвала і ля дзвярэй вада скапілася, а дома ў жывёлавода непрыемна пахне ад адзення… Пакуль такая карціна вымалёўваецца – ёсць яшчэ што перагледзець у гэтай сістэме.
Наталля СУВАЛАВА.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика