“У КАРАГОДЗЕ МЫ БЫЛІ…”

Раённы конкурс бытавога танца “Танцавальныя карункі” сабраў на мінулым тыдні больш 20 пар-прэтэндэнтаў з ліку дзяцей і падлеткаў на званне лепшых танцораў. Конкурс адбыўся напярэдадні Міжнароднага дня танца і быў арганізаваны з мэтай эстэтычнага выхавання моладзі сродкамі традыцыйнай нацыянальнай культуры, пераемнасці і аднаўлення мясцовых звычаяў. Пад найгрышы галасістага гармоніка дзеці паказвалі спрыт і артыстычнае майстэрства ў выкананні побытавых танцаў “кракавяк”, “матлёт”, “месяц”, “какетка” і інш. Галоўнай адметнасцю з’яўлялася захаванне мясцовага стылю і дэманстрацыя вобразна-пластычнага выразу ўдзельнікаў. Лепшыя з лепшых будуць абараняць гонар раёна на абласным конкурсе, і таму журы ставілася да выканаўцаў з неабходнай строгасцю. Пакуль адны выбівалі мудрагелістыя каленцы, другія сапернікі хваляваліся за кулісамі. Пэўны неспакой адчувала і я, бо на сцэне выступалі дзеці і было відаць, як яны напружаны.
Мастацкае спаборніцтва прайшло незаўважна хутка і пераможцы атрымалі ўзнагароды: дыпломамі аддзела культуры райвыканкама 1, 2 і 3 ступені былі адзначаны Ілля Турмасаў і Анастасія Цуранкова (в.Бабічы), Ірына Сыч і Іна Геўрасёва (Палессе), Яраслаў Коўганаў і Яўгенія Пхідэнка (Роўкавічы) адпаведна. Астатнія ўдзельнікі атрымалі падзяку.
…Мерапрыемства завяршылася, а ў мяне на душы застаўся роспач. Не ад таго, што ў вачах падлеткаў адсутнічаў той жывы агеньчык, які прыцягвае ўвагу і прыхільнасць гледача. Не таму, што рухі многіх танцораў былі яшчэ такімі невыразнымі і стрыманымі. Абурала іншае – сцэнічныя касцюмы напаміналі нешта падобнае на адзенне народнага стылю: спадніцы абвіслыя, сарочкі пажоўклыя, абутак уразнабой, а галаўныя ўборы адсутнічалі наогул. Адзіным прасветам сярод гэтага былі маленькія ўдзельнікі малодшай групы з Меркулавіч (на здымку). Знешні выгляд пачынаючых артыстаў у пэўнай ступені паспрыяў на журы ў выстаўленні балаў. Сітуацыя з касцюмамі для мастацкіх гуртоў Чачэршчыны наогул складаная. За апошні час абнавілі адзенне толькі тры калектывы, сярод якіх Залескі народны хор, а дапамагла яму ў гэтым дырэктар мясцовай гаспадаркі Галіна Трыбунах. Нажаль, такую шчодрасць праяўляюць толькі асобныя кіраўнікі і таму неабходна шукаць выйсце. Каб абудзіць у душах дзяцей любоў да традыцыйнага танца і захаваць народную спадчыну, наяўнасць беларускага касцюма – немалаважны фактар у агульным працэсе прапаганды мясцовага фальклору.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика