ВЕРНЫ ТАВАРЫШ І БЕЗДАКОРНЫ НАСТАЎНІК

Лагодная ўсмешка гэтай жанчыны адразу абуджае ў душы чалавека прыхільнасць і давер. Яе дабрыня і спагада ідуць ад самага сэрца, а станоўчыя чалавечыя якасці прывабліваюць тых, хто хоць раз сутыкаўся з ёй у размове. Пра Ніну Іванаўну Ключынскую калегі па рабоце могуць расказаць шмат цікавага, але адметнай рысай яе біяграфіі з”яўляецца працоўны стаж – 34 гады яна бездакорна працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Камуна-Ленінскай школы. І пры гэтым толькі адзін раз не змагла выйсці на работу па прычыне хваробы. “Чалавек – эпоха, чалавек – магніт” – так характарызуюць яе блізкія і знаёмыя. Яна прыцягвае да сябе адкрытасцю думак і высакароднасцю ўчынкаў. Ніна Іванаўна вывела са сцен школы на самастойны шлях 8 выпускных класаў, і ўсе яе выхаванцы кожны год прыязджаюць да любай настаўніцы з вялікімі букетамі кветак і сардэчнай падзякай за атрыманыя веды і выхаваную любоў да радзімы. Будучы маладой студэнткай Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта аддзялення рускай мовы і літаратуры яна і не думала, што стане выкладаць зусім іншы прадмет, а цяпер нават не ўяўляе сябе ў другой якасці. Носьбітка традыцыйнай культуры Ніна Іванаўна перадае вучням перанятыя ад бацькоў абрады і рэцэпты народнай медыцыны. Ніхто лепш за яе не ведае, як лячыцца настоямі траў, калі займацца зборам раслін і як іх захоўваць. Гэтыя веды жанчына запазычыла ад сваёй матулі і цяпер вучыць карыстацца траўнікам школьнікаў.
Для ўстановы адукацыі настаўніца беларускай мовы – сапраўдны скарб. Да яе ідуць не толькі за парадамі па рабоце, яна заўсёды знойдзе час выслухаць і параіць як паступіць у тых або іншых сямейных абставінах, і ніколі не асудзіць, не абразіць чалавека за яго дробныя недахопы. Талент у гэтай жанчыны сапраўды невычэрпны: пявуння, вышывальшчыца, майстрыца па вязанню, паэтка. Але вось пра свае здольнасці гаварыць саромеецца, бо па натуры сціплая. За працоўныя заслугі Н.І.Ключынская ўзнагароджана шматлікімі Ганаровымі граматамі, у тым ліку ад Міністэрства адукацыі РБ і лістом падзякі Прэзідэнта краіны. Радасць для педагога – яе вучні, якія набылі прафесію настаўніка беларускай мовы і літаратуры, сярод якіх Таццяна Окунева, дачка Святлана. Сваё прызванне выкладчыка “майстар-клас” Ніна Іванаўна нясе па жыцці з гонарам і поўнасцю яму адпавядае.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика