Нататкі з палёў

Глеба зараз надта напітаная вільгаццю, што значна ўскладняе працэс яе апрацоўкі. Але чакаць, пакуль сонейка падсуша зямельку, няма часу. Неабходна скончыць у раёне сяўбу ранніх яравых да сярэдзіны красавіка. У ПСУП “Роўкавічы” маюць намер выканаць пастаўленую задачу.
Тут раней за астатніх пачалі падрыхтоўку глебы – ужо больш за 200 гектараў. 150 з іх засеялі аўсом і адналетнімі культурамі. Усяго ж пад яравую сяўбу адведзена 1400 гектараў.
Напрыканцы мінулага тыдня завітала ў сельгаспрадпрыемства.
Дырэктар вылучыў некалькі хвілін, каб расказаць і паказаць, як ідуць справы. За кароткі прамежак часу аб’ехалі палеткі.
– Вось, бачаце, поле ўжо засеянае, на гэтым кавалку вільгаць закрылі, і тут таксама глебу падрыхтавалі, астатняе даробіць “разумны” пасяўны агрэгат, сюды механізатар пераедзе крыху пазней, – даступна расказвае Міхаіл Уладзіміравіч.
Роўненькімі радочкамі кладзецца зямля, у якой ўжо пачынае прарастаць будучы ўраджай. Гэта Віталь Бублікаў пастараўся. Механізатар на энерганасычаным трактары з шасцімятровым пасяўным агрэгатам штодзень засявае каля 50 гектараў, хоць і здольны 80. Але пакуль ўмовы не дазваляюць выкарыстоўваць тэхніку на ўсю моц. Сам жа Віталь вопытны працаўнік, прысвяціў гаспадарцы ўжо дзесяць год. І адкрывае амаль кожную пасяўную. Акрамя таго старанны і адказны работнік затым і ўраджай збірае, і спелыя травы жнець. Кіраўнік цалкам упэўнены ў станоўчых выніках работы Віталя. І нават непаладкі той імкнецца ліквідаваць за лічаныя хвіліны, каб хутчэй зноў вярнуцца на поле.
Разам з сяўбой вядуць у гаспадарцы і іншыя вясеннія работы: падрыхтоўка глебы, унясенне ўгнаенняў, падкормка азімых. Усяго задзейнічана 16 адзінак тэхнікі. Сярод іх чатыры энерганасычаныя трактары і знакамітая машына “Раса”. З шасці гадзін пачынаецца працоўны дзень.
Практычна усё насенне гэтага года плануюць выкарыстаць першай рэпрадукцыі, расказвае субяседнік. Нядаўна завезлі па пяць тон эліты пшаніцы і аўсу для абнаўлення фонду. У размове не паспяваю сачыць за дарогай. Мой час скончаны, абяцаныя трыццаць хвілін мінулі. Пад’язжаем да канторы, развітваемся. Вяртаюся ў рэдакцыйную машыну, а Міхаіл Уладзіміравіч спяшаецца на іншыя палі. Да штодзённай планёркі трэба яшчэ многае паспець, а пасля яе – яшчэ больш.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика