ДЫМОК, ШАШЛЫЧОК І ДОБРЫ НАСТРОЙ

Дарэмна мокрае надвор”е мінулай суботы пужала халоднымі парывамі ветру і дажджом – на стартавую пляцоўку рэспубліканскай лыжні выйшлі ўсе жадаючыя Чачэрскага раёна. Ва ўрочышчы Мяшчанскага лесу адбыўся лыжны забег «спартсменаў», у ліку якіх былі прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў Чачэршчыны на чале з кіраўніцтвам, а таксама школьнікі. Каманды мелі магчымасць зрабіць, так сказаць, рэпетыцыйную прабежку і бліжэй “пазнаёміцца” з лыжнёй адносна яе складанасці і працягласці дыстанцыі за два тыдні да гэтага, калі праводзіўся першы этап “Чачэрскай лыжні-2009”, і выпрабаваць свае сілы перад асноўным мерапрыемствам. Многія пагадзіліся, што другі этап спаборніцтва быў значна цяжэйшы. Лыжы наадрэз адмаўляліся бегчы, стрымлівалі ход «спартсменаў», а прычынай таму – спрасаваны мокры снег. Удзельнікі спаборніцтва заўважылі, што на гэтай лыжні згубілі дзесьці да адной хвіліны больш, чым у першым забегу, калі на зямлі ляжала мяккае пушыстае снежнае покрыва і лыжы самі несліся наперад да фінішнай адзнакі. Тым не менш, прага да перамогі была такая моцная, што нават дрэннае надвор”е не стала вялікай перашкодай для аматараў спорту. Каму не хапіла лыж, шукалі спортінвентар прама на старце, часова арэндуючы “хуткаходы” у знаёмых і калег.
Кожнага лыжніка падбадзёрвала свая група падтрымкі і з хваляваннем чакала бегуноў на фінішы. Расчырванелых і разгарачаных «спартсменаў» віталі апладысментамі. Дапамагалі маральна і настройвалі на вясёлы лад усіх прысутных артысты ўстаноў культуры, яны спявалі, таньчылі і заклікалі на старт. Сімвал года – Жоўты Бык – таксама прысутнічаў на лыжні і жадаў усім шчаслівай дыстанцыі. Свае неардынарныя здольнасці ў прыгатаванні ежы прадэманстравалі і самыя ўмелыя кулінары. Міску юшкі, салёненькі агурок, ці апетытны шашлык прапанавалі кожнаму жадаючаму. Удалося парадаваць чачаран смачнымі кавалачкамі прэжанага курынага мяса работнікам Батвінаўскай школы, а самы вялікі стол з пачастункамі аказаўся ў аддзела культуры райвыканкама. Добрая традыцыя масавага правядзенна зімовага віду спаборніцтваў устойліва замацавалася на Чачэршчыне, і такі спосаб вядзення здаровага ладу жыцця будзе працягвацца надалей.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Besucherzahler
счетчик посещений