БЯГУЦЬ ГАДЫ, А ЖАДАННЕ ПРАЦАВАЦЬ НЕ ЗГАСАЕ

Вядучы бухгалтар цэнтральнай аптэкі №55 Чачэрскага раёна Н.А. Еўдакіменка ўжо трыццаць гадоў тут “нязменны часавы”. Смяецца Надзея Аляксееўна, маўляў, столькі часу прайшло за службовым сталом у кірпенні над паперамі!
Ураджэнка вёскі Бяляеўка трапіла на працу ў аптэку па аб’яве. Аднак да выхаду на ўласную шырокую дарогу крыху папятляла невялікімі сцяжынкамі. Зусім яшчэ юнай дзяўчынай Надзея адразу пасля школы чатыры гады працавала на фабрыцы (сучасная РДВГУП “Надзея”) вышывальшчыцай. А як выбрала сённяшнюю прафесію зараз нават ужо і не ўзгадае, аднак за плячыма бухгалтарская школа, затым праца ў калгасе “50 год БССР” (цяперашняе ПСУП “Отар”). Разам з тым і працяг навучання ў Гомельскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Потым пераезд у райцэнтр паклікаў за сабой неабходнасць пошуку новага працоўнага месца. Вось так аднойчы выпадкова і прыйшла ў фармацэўтычную галіну. “Колькі разоў думала змяніць спецыяльнасць, пашукаць чаго лягчэйшага”, – прызнаецца жанчына. Бо на плячах бухгалтара ў аптэчнай сістэме ляжыць шэраг абавязкаў: налічыць заробак, зрабіць не толькі бухгалтарскія, але і статыстычныя справаздачы і шмат іншага. А галоўнае, што большасць табеляў і ведамасцяў прыходзіцца афармляць ад рукі. Цэлы дзень у бясконцых клопатах. Але з гадамі прыйшла мудрасць, і згадзілася Надзея Аляксееўна са сцвярджэннем: лёгка там, дзе нас няма. Прызвычаілася да працы, прывыкла да калектыву. Цяпер без гэтага жыцця не ўяўляе. Ужо год як Н.А. Еўдакіменка на пенсіі, але родныя сцены не пакінула, на просьбу вышэйстаячага кіраўніцтва яшчэ некаторы час папрацавць вядучы бухгалтар адказала станоўча. Яна тут заслужыла не толькі матэрыяльнае забеспячэнне старасці, але давер і павагу калег. Толькі добрыя водгукі ў адрас Надзеі Аляксееўны. А ёй цікава працаваць – хочацца дачакацца нейкіх перамен, каб былі знойдзены шляхі вырашэння многіх праблем установы. Марыць таксама жанчына асвоіць у дасканаласці камп’ютар. “Часам так хочацца нешта спрасціць у сваёй працы і ідэі на гэты конт прыходзяць, аднак са стандартамі не паспрачаешся”, – канстатуе вядучы бухгалтар.
Наталля СУВАЛАВА.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика