КАМЕННЫ САЛДАТ ТУТ АДЗІНЫ ЖЫХАР

Толькі мураваныя пліты і дзе-нідзе пакінутыя, паміраючыя дамы. Нават старое дрэва, нібы не столькі ад старасці,
колькі ад смутку, пахілілася долу…
У Ленінскім сельскім Савеце аж чатыры населеных пункты з часткай у назве Малынічы: Новыя, Сярэднія, Старыя і Чарняўскія. У трох першых яшчэ трапеча жыццё, а вось ад апошніх засталіся ўспаміны і некалькі не да канца разбураных хат, а таксама ўзведзены на сродкі аднаго з былых жыхароў манумент Славы. Побач з помнікам загінуўшым землякам стаіць каменны салдат, які ў адзіночку ахоўвае спакой былой вёскі. Аднак населены пункт не зусім пакінуты – тут размяшчаюцца два склады сельгаспрадпрыемства “Вазнясенск” і пляцоўка для захавання мінеральных тукаў.
– Да аварыі на ЧАЭС больш за 50 хат налічвалася, і ніводная не пуставала, – узгадвае былая жыхарка Т.І. Каваленка (на здымку). – Магазін добры быў, некалі нават і школа. Але падчас маёй бытнасці дзеці ўжо хадзілі вучыцца ў Сярэднія Малынічы, а затым у Чачэрск. Амаль усе жыхары былі працаздольнага ўзросту, працавалі не толькі дарослыя, але і дзеці.
Хаты ў вёсцы былі добра абсталяваны, каля многіх квітнелі сады. Упрыгожвала населены пункт і возера Старое, якое аб’ядноўвала Чарняўскія і Старыя Малынічы. У свой час летам было самым запатрабаваным месцам, а калі людзі выехалі, зарасло чаротам і кустамі. Прырода ўвайшла ў стан сну. А вось былыя жыхары да гэтага часу не змаглі цалкам адмовіцца ад малой радзімы. Вяртаюцца да былых уладанняў, каб пасеяць агароды ды маліну пазбіраць, і вялікая радыяцыя не палохае. Пасля катастрофы населены пункт быў аднесены да зоны з першачарговым адсяленнем. Жыхарам прапаноўвалі кватэры ў Гомелі і Чачэрску. Аднак мала хто пераехаў туды. Многія пайшлі з жыцця там, дзе нарадзіліся.
Яшчэ адна цікавая адметнасць былой вёскі – велічныя мянушкі, якія звычайна ўзнікалі па ініцыятыве саміх уладальнікаў. Да прыкладу, апошнімі пакідалі бацькаўшчыну сем’і Цара і Графа.
– У вёсцы яшчэ зарэгістраваны адзін чалавек, – расказвае старшыня сельсавета І.М. Ганжын, – але, зразумела, не жыве там.
Напэўна, у 2011 годзе населены пункт будзе ўнесены ў спіс па захаванню будынкаў і іх рэшткаў. І тады ніхто не запытае меркавання каменнага салдата.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика