А ДЗЕ Ж ДРАНІКІ?

Неяк летам завіталі ў мясцовую ўстанову грамадскага харчавання – кафэ “Юбілейнае”. Вельмі смачная тады аказалася страва беларускай нацыянальнай кухні – дранікі. Свежыя, з морквай, пальчыкі абліжаш. Да таго ж яшчэ і танныя. І потым некалькі раз запар заходзілі за дабаўкай. А зараз, калі і ўраджай бульбы сабраны, запасы на зіму зроблены, ні ў кафэ, ні ў рэстаране горада так і не атрымалася пачаставацца згаданым блюдам. Некалькі раз на пытанне наконт наяўнасці яго чула адмоўны адказ. У чым жа справа? Так, пагаджуся, ураджай другога хлеба ў гэтым годзе не самы вялікі, але ж амаль 165 цэнтнераў з гектара атрымалася. Дарэчы, у цэлым у раёне накапана крыху больш за сем тысяч тон караняплодаў разнастайных гатункаў. Аднак… “Дранікі не гатуем”, – некалькі раз ветліва адказалі ў абедзвюх установах харчавання. І гэта ў беларускім горадзе ў сельскагаспадарчым раёне. У меню ж нацыянальная кухня прадстаўлена не так і бедна, а сярод страў з бульбы маюцца такія, як булён з калдунамі; аладкі бульбяныя, фаршыраваныя мясам; бульбяная каша і нават дранікі па-дамашняму, праўда, чамусьці ў якасці гарніру. Але повар у рэстаране падкрэсліла, што непасрэдна ў сённяшнім меню апошнія не значацца. Начальнік негаспадарча-разліковага ўчастка “Грамадскае харчаванне” В.П. Гецікава патлумачыла, што ўскладняе справу прыгатавання дранікаў дэфецыт бытавой тэхнікі. Стары кухонны камбайн “вандруе” з кафэ ў рэстаран і наадварот. А вось тарка заўжды пад рукой, толькі ахвочых здзіраць аб яе пальцы дабравольна не знаходзіцца. Таму прасцей дранікі не прапаноўваць наогул. А попытам яны карыстаюцца, асабліва ў пост, адзначае Валянціна Пятроўна. Яна падкрэслівае, што хутка недахоп у меню будзе выпраўлены: у бліжэйшых планах набыццё новага кухоннага камбайна.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика