І СКАРДЗЯЦЦА, І РАДУЮЦЦА ЖЫВЁЛАВОДЫ

КСУП “Вазнясенск” зараз адзіная гаспадарка ў раёне, дзе рагулі дзеляцца сваім багаццем аж тройчы за дзень. Напэўна, у значнай ступені з гэтым і звязаны поспехі ў жывёлагадоўчай галіне, лічыць заатэхнік П.М. Валуськова. Сёння тут ад каровы атрымліваюць па 13 літраў малака. Аднак апошні візіт на МТФ паказаў, што незадаволеных дзеючай тут сістэмай хапае. Скардзяцца некаторыя з аператараў машыннага даення, што ад цямна да цямна прыходзіцца знаходзіцца на працы, а на ўласную гаспадарку і здаровы сон часу не хапае. Ды і заробак, на іх думку, пры гэтым не адпавядае затрачаным сілам. Як-ніяк 60 рагуль павінна дагледзець кожная з гаспадынь. Ды не проста падаіць, але і прыбраць за імі трэба, і апілкі падсыпаць, і муку раздаць – усё самастойна.
Аднак не толькі скаргі пачула падчас сустрэчы. Падзяліліся спецыялісты і навінкамі. У гэтым годзе на МТФ “Вазнясенск” уведзены ў эксплуатацыю хлеў з бяспрывязным утрыманнем жывёлы, разлічаны на 166 галоў. Завіхаюцца тут два аператары машыннага даення. За гэты ж год абсталяваны на сучасны манер пункт асемянення, праўда, засталося яшчэ падлогу прывесці ў належны стан.
Закуплена 120 домікаў для індывідуальнага ўтрымання цялят. З іх набыццём з аператараў машыннага даення знята частка адказнай працы, цяпер ім не трэба даглядаць нованароджаных. Крыху больш за месяц гэту справу выконваюць Марына Сырыська і Валерый Марозаў (на здымку). У іх групе больш за 40 прадстаўнікоў малодшага пакалення, якім яшчэ не споўніўся 21 дзень. Мяркуецца, што да канца года ва ўтульных маленькіх хатках будуць рабіць свае першыя крокі каля 80 цялятак. Сярэднесутачныя прывагі тут пакуль не самыя высокія – крыху больш за 630 грамаў, але маладняк пакуль толькі набіраецца сілы, вучыцца ўставаць упэўнена на ногі. А вось у групе Вольгі Балбуковай, якая даглядае жывёлу ў адбудаваным у мінулым годзе хлеве, больш дарослыя бычкі, і цёлачкі за суткі прыбаўляюць у вазе па 900 грамаў.
А на МТФ працягваюцца работы па будаўніцтву і рэканструкцыі жывёлагадоўчых памяшканняў, у наступным годзе разлічваюць на новы хлеў для цялят на 250 галоў. На ферме ўтрымліваецца 1877 галоў буйной рагатай жывёлы, і прастор ёй не пашкодзіць.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика