узрост сталы – зусім не старасць

Ужо 80 год адмераў лёс СГФ “Прыазёрны”. А пачынаў свой шлях сённяшні філіял з сельскагаспадарчай арцелі (калгаса) імя Молатава яшчэ ў 1929 годзе, за такі прамежак часу ён змяніў шэраг назваў і найменняў, кіраўнікоў. Пачынаў біяграфію калгаса Фама Фёдаравіч Дамасканаў, затым працаваў тут Савелій Патапенка. Нават некалькі жанчын узначальвалі калгас, які за час свайго існавання насіў назвы “Прагрэс”, імя Чапаева, імя Суворава, з 1971 года “Юбілейны”, старшынёй якога назначаны І.А. Зінкевіч, затым І.М. Зубараў, Ф.Ф. Грышанкоў, П.С. Пхідэнка, С.І. Серыкаў, В.І. Сініла. З 1995 па 2007 год тут кіраваў Мікалай Адамавіч Міхалкоў. У 2003 годзе калгас набывае іншы статус: камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства “Матнявічы”, з 2006 года КСУП далучаны да ААТ “Чачэрскагратэхсервіс”, праз некалькі месяцаў аддзяленне перайменавана ў сельскагаспадарчы філіял “Прыазёрны”. Упраўляючым яго з 2007 года працаваў М.І. Смаршкоў. А сёння паважны ўзрост сельгаспрадпрыемства разам з калектывам працаўнікоў давялося сустракаць С.М. Шведэнку. Толькі крыху больш за месяц тут завіхаецца новы гаспадар, але за такі кароткі час ужо зрабіў многае з магчымага і нават немагчымага дзеля таго, каб напакутаваная падчас летніх ураганаў МТФ “Матнявічы” набыла належны стан, і жывёла адчувала сябе тут адпаведным чынам: пераабсталявалі цялятнік, выканалі рэканструкцыю пад хлеў яшчэ аднаго памяшкання… Ды і ўвогуле мэтанакіраванасць і працаздольнасць Сяргея Мікалаевіча не застаецца па-за ўвагай кіраўніцтва.
Пра імянінніка заўсёды ёсць што сказаць, і станоўчыя якасці ў яго знаходзяцца. У гэтым годзе ў СГФ “Прыазёрны” валавы збор зерня пасля дапрацоўкі склаў 2164 тоны, уражайнасць – 30,1 цэнтнера з гектара, што на 3,7 цэнтнера больш, чым у мінулым годзе. На сучасным этапе філіял няблага працуе па вытворчасці малака. На МТФ “Матнявічы” зараз 1702 галавы БРЖ, з іх 514 кароў, а таксама гадуюцца маладыя бычкі і цёлачкі. За адзінаццаць месяцаў надоена 2242 тоны малака, а гэта на 369 тон больш, чым ў мінулым годзе. Удой на карову за гэты час склаў 4248 кілаграмаў, да канца года запланавана дасягнуць чатыры з паловай тысячы. Безумоўна, за шчодрасцю рагуль і лічбамі ў сводках стаіць штодзённая карпатлівая праца жывёлаводаў і механізатараў. У іх круглы год хапае планаў і заданняў. Вопытная, адказная і працавітая Зінаіда Іванаўна Хурбатава – галоўны заатэхнік – ужо далёка не адзін год кіруе працэсам на МТФ. Поспехам ферма абавязана таксама галоўнаму ветэрынарнаму ўрачу Зінаідзе Рыгораўне Піляк, брыгадзіру фермы Васілю Аляксеевічу Хурбатаву. У спісе лепшых аператараў машыннага даення Таццяна Сцяпанаўна Доўга, якая ад каровы за 11 месяцаў надаіла 4929 кілаграмаў малака, Валянціна Іванаўна Ляднёва (4609 кг) і Людміла Мікалаеўна Мельнікава (4286 кг). Працу мужа і жонкі Васіля Іпалітавіча і Галіны Леанідаўны Скуратоўскіх таксама заўсёды ставяць у прыклад. У групе даглядчыкаў цяляты за суткі ў сярэднім прыбаўляюць у вазе па 700 грамаў. Галоўны інжынер І.М. Дамасканаў і інжынер па працаёмкіх працэсах В.М. Патапенка, брыгадзір гаспадарчай брыгады В.В. Балотнікаў, механізатары С.Я. Ляднёў, А.Я. Ляднёў, А. М. Паўлюкоў, вадзіцелі У.П. Серыкаў, В.М. Патапенка, пастухі М.М. Халяўкін, І.А. Ляднёў і іншыя агульнымі намаганнямі здабываюць поспех гаспадарцы. Не забыліся ў дзень нараджэння і пра ветэранаў працы. Да прыкладу, больш за 50 гадоў працаваў у калгасе Міхаіл Уладзіміравіч Серыкаў. Былы галоўны бухгалтар, учотчык-касір і на заслужаным адпачынку працаваў інспектарам аддзела кадраў, заўсёды душой хварэў за родную гаспадарку і цікавіўся яе гісторыяй.
–Як казаў мысліцель Крысп: “Пры згодзе нават нязначныя справы вырастаюць, а пры нязгодзе і найвялікшыя гінуць”. Таму ў гэты святочны дзень жадаю ўсяму калектыву згоды, цярпення і працаздольнасці, – звяртаецца да сваіх падначаленых Сяргей Мікалаевіч. – Цяжкасцей у нашай нялёгкай справе хапае заўсёды, але мы павінны разумець, што акрамя нас саміх ніхто іх не пераадолее. Я ўпэўнены, што калі мы будзем разам, у нас усё атрымаецца. А таксама кожнаму жадаю здароўя, дабрабыту, радасці, сямейнага шчасця, з якога бяруць пачатак толькі самыя лепшыя пачуцці, справы і жаданні.
А акрамя віншаванняў і прыемных слоў свята не абыдзецца і без падарункаў.

На фото: С.М. Шведэнка нарадзіўся ў 1961 годзе ў Буда-Кашалёўскім раёне. Пасля заканчэння ў 1984 годзе Віцебскага ветэрынарнага інстытута працаваў ветурачом у эксбазе “Меркулавічы”, затым некалькі гадоў быў там кіраўніком. Ёсць у працоўным стажы Сяргея Мікалаевіча і практыка галоўнага ветурача раёна. У 1990 годзе скончыў Вышэйшую рэспубліканскую школу кіравання. Пасаду ўпраўляючага СГФ “Прыазёрны” займае з 20 кастрычніка.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика