ЗДАВАЛАСЯ Б, ПРОСТАЯ СЛУЖБА Ў АРМІІ…

– Для нас, чыстых, апранутых у парадную форму, было нязвычна глядзець на людзей у амаль што лахманах. Аднак хутка і мы сталі падобнымі да іх. Нам выдалі палявое адзенне, больш падыходзячае да тых кліматычных умоў, у якіх мы знаходзіліся. І ні пра якую прыгажосць і дагледжанасць нават не думалася, – пачынае свае ўспаміны пра службу ў Афганістане А.Л. Плістаў. Зараз Аляксандр Леанідавіч маёр міліцыі, працуе ў аддзеле ўнутраных спраў Чачэрскага райвыканкама старшым экспертам-крыміналістам. А з Афганістанам яго звязваюць гады службы ў арміі. Пасля заканчэння вучэбнай часці ў горадзе Гайджунай, што ў Літве, накіравалі ў Афганістан. Служыў у паветрана-дэсантных войсках. Быў камандзірам аддзялення. Яго ўзвод размяшчаўся на гары Куруг, гэта больш за дзве з паловай тысячы метраў над узроўнем зямлі. Аднак кліматычныя ўмовы дазвалялі там нават загараць на снезе. Хлопцы на плячах насілі ў горы па суцэльных калдобінах правізію. Часценька прыходзілася мець зносіны і з мясцовым насельніцтвам. Днём яго прадстаўнікі – сябры, а ноччу – невядома.
Аляксандр Леанідавіч сціпла замоўчвае падрабязнасці службы, маўляў, у вялікіх аперацыях амаль не ўдзельнічалі. “Былі тады маладыя, рамантычныя асобы, шмат чаго не разумелі. Ды і ісціна адкрываецца толькі тады, калі няшчасце на сабе адчуеш”, – прыходзіць да высновы маёр міліцыі. Аднак падчас вайны заўсёды існуе павышаная рызыка. І прыклад Аляксандра Леанідавіча не выключэнне. Ноччу абстрэлы, а днём зачысткі кішлакоў. Ахова дарог, калон. На адным з блок-пастоў падчас начнога абстрэлу “шалёны” асколак стаў прычынай раненняў ў грудзі і нагу. Яшчэ адно раненне і кантузію атрымаў падчас адпачынку, у палатцы на месцы дыслакацыі. Граната ўпала за два метры ад ложка Аляксандра. А ўмовы, у якіх праводзілася медыцынскае абслугоўванне, акрамя як парадаксальнымі, не назавеш. На ўвесь узвод быў толькі адзін шпрыц, і той аднаразовы. Прыходзілася яго заўсёды кіпяціць у растворы фурацыліна. “Мне пашанцавала – раненні былі няцяжкія, у шпіталь не ездзіў”, – суцяшае Аляксандр Леанідавіч. А вось сяброў і саслужыўцаў неаднаразова прыходзілася туды праводзіць…
На грудзях красуюцца медаль «За адзнаку ў воінскай службе», медаль ад удзячнага афганскага народа, знак воіна-інтэрнацыяналіста, юбілейныя медалі.
Зараз жыццё А.Л. Плістава на мірнай зямлі выклікае не меншую цікавасць. Ды і расказвае пра яго мужчына з большай ахвотай. Таму, што выходзіць з-пад яго рук, можна толькі пазайздросціць. Аляксандр Леанідавіч займаецца гальванапластыкай — вырабляе сапраўдныя шэдэўры. Яго працы неаднаразова прымалі ўдзел у разнастайных выставах не толькі ў межах нашай краіны. А яшчэ герой майго аповеда выдатны гаспадар: і садавод, і пчалавод, і рыбалоў. Адным словам, майстар на ўсе рукі. Верагодна, вялікі інтарэс да жыцця і ўсяго цікавага ўзнік у гэтага чалавека ў працівагу да таго, што яму прыйшлося перажыць у чужой вайне.
Наталля СУВАЛАВА. Здымак з архіва.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика