Праект Бацькаўшчына: тут чуецца подых стагоддзяў

У кожнай вёскі, кожнага рэгіёна Беларусі ёсць свая гісторыя стварэння, археалагічныя славутасці, знакамітыя асобы, непаўторныя прыродныя пейзажы. Багатая на ўнікальныя памятныя мясціны і наша старажытная Чачэршчына.

Святая крыніца ў Будзішчы

Зараз ужо мала хто адкажа, што сабой уяўляе жывы выток у вёсцы Будзішча. На крыжах – абтрапаныя ветрам і выпаленыя сонцам вышываныя рушнікі, а вакол – цішыня. Раней жа тут было шматлюдна. Калі не было калодзежаў, дый і потым людзі ішлі да вытоку, маліліся за здароўе, амывалі твар гаючай халоднай вадой, а жанчыны нават пралі тут бялізну. Адметнасцю служыць тое, што ў крыніцы пульсуюць не адзін, не два, а дзясяткі падземных ключоў. Сам жа аб’ект падзелены на 2 вялікія чашы, абкладзеныя бярвеннем. Праўда, дрэва з цягам часу падгніло і патрабуе замены. Некалі сюды прыязджала японская дэлегацыя і дала высокую адзнаку культурна-экалагічнай каштоўнасці.

Ліпавая алея Дорыа-Дэрналовіча

Некалькі гадоў назад на Чачэршчыну завітаў нашчадак памешчыка Дорыа-Дэрналовіча, які калісьці жыў і кіраваў на землях Роўкавіцкага сельсавета. Памешчыцкая сядзіба размяшчалася каля вёскі Падазер’е, а панскія ўладанні, хоць сам гаспадар жыў і валодаў буйнымі надзеламі зямлі ў Польшчы, прасціраліся да населеных пунктаў Гольч, Любімае, Мікольск і іншых. Роду Дэрналовічаў належыла таксама вёска Шарсцін у Веткаўскім раёне, шэраг пасяленняў на Будакашалёўшчыне і ў Карме, дзе яшчэ засталіся рэшткі сядзіб напаркавага комплексу. Чачаранам жа на памяць былы ўладар пакінуў кляновую алею ў Мікольску, пасаджаную ў выглядзе яго ініцыялаў, дубовую ў Падазер’і і яловую каля былога маёнтка там жа. Дрэвы-гіганты ў тры абхопы, якім больш за 200 гадоў, узвышаюцца сваімі верхавінамі, нібы падпіраючы небасхіл, і вылучаюць нейкую магію і нябачную ўнутраную сілу.

Таямніцы гары Гайшын

Пра гарадскую ратушу, Бердыжскую стаянку, храм Прэабражэння Гасподня і іншыя знакавыя аб’екты краю мы ведаем дасканала і ганарымся іх матэрыяльнай і духоўнай каштоўнасцю. Але ёсць і тыя, да якіх яшчэ не праторана грунтоўная сцяжынка, аднак яны заслугоўваюць нашай увагі. Скажам, гара Гайшын, што знаходзіцца ля падножжа Замкавай у пойме ракі Чачора і ўзята пад ахову дзяржавы. Яна захоўвае тайну свайго існавання і нейкую магію. На яе пясчаным узвышшы амаль няма зеляніны, таму раней касары клалі густыя пакосы вакол гары. Калі падчас разліву Сож выходзіў з берагоў, у пойме над вадой ганарліва ўзвышалася пакатая макушка Гайшына. Але ж адкуль пайшла назва? Цікава, што свой Гайшын ёсць у Касцюковіцкім, Слаўгарадскім і Салігорскім раёнах. Таксама на слаўгарадскіх землях размяшчаецца Гайшыннае радовішча, дзе вылучаны два асобныя ўчасткі карысных выкапняў – мелу. Адно з іх называецца Белая гара. Мажліва і нетры нашага Гайшыну захоўваюць падобныя залежы, якія чакаюць свайго часу. Раней тут вялося шмат ліс, пра што сведчаць напалову парушаныя норы, дзе рыжыя прыгажуні выводзілі зубастае пісклівае патомства.

Легенды і паданні возера Вір

Пра знакамітае на Чачэршчыне возера рэспубліканскага значэння ходзяць розныя чуткі. Па словах старажылаў Бяляеўкі, якія чулі ад сваіх продкаў, а тыя – ад сваіх, вядома, што сваю назву возера займела ад шматлікіх віроў, што круцілі ваду. Згодна аднаму з павер’яў, у колішняга пана Бяляева, што жыў у сваёй сядзібе на Пасанковым Пузе, было зашмат грошай і залатых чырвонцаў. Падчас вайны 1812 года ён зрабіў з золата конскую гуньку (па-руску «попона») і павёз праз возера хаваць багацце. Але пад цяжарам грузу конь праваліўся пад лёд з усім скарбам. Цяпер, згодна таму ж паданню, штогод перад Вялікаднем ён выходзіць на бераг, пасвіцца на шаўковых травах, качаецца па зямлі і купаецца ў спакойных водах Віра. А пад раніцу зноў вяртаецца ў цемру глыбокай плыні. Па другой легендзе, у вёсцы жылі 2 браты. Аднаму з іх прыснілася, што на старым Курганні схаваны скарб. Пакуль капалі, чуліся страшэнны крык і лямант нячысцікаў. Раптам перад імі з’явілася залатая карэта, а ў ёй дзеўка-прыгажуня. «Памагай Бог!» – прамовіла яна. «Дзякуй», – адказалі аўтаматычна браты. І тут жа золата ператварылася ў пясок, а тое месца сталі называць Лыкавым Плётам. Іншыя ж кажуць, глыбока на дне ляжыць 850 рублёў золатам, сабраных мясцовай чэляддзю напачатку ХХ стагоддзя для рускага войска, якое пайшло пад ваду разам з французскім абозам. А ў Вялікую Айчынную немцы закапалі тут важныя архіўныя дакументы. А яшчэ дзесьці паблізу ляжыць у балотнай твані савецкі танк Т-34.

На «Ціхі акіян» за шчупакамі

Каб пабыць на Ціхім акіяне, не трэба ехаць за тысячі кіламетраў. Ён тут, зусім побач – глыбокая ўпадзіна да 12 метраў на адным з крутых паваротаў Сажа каля аграгарадка Отар. Другая назва ўнікальнага ўчастка ракі Зюрын уезд. На гэтым месцы дзесьці да сярэдзіны 1950-х гадоў мясцовы жыхар Дзяніс Міхайлаў запальваў на рацэ агні. Такім чынам бакеншчык папярэджваў водны грузавы і пасажырскі транспарт аб магчымай небяспецы. Ліхтары спачатку працавалі на газе, потым іх перавялі на акамулятарную падпітку. Вось дзядзька Дзяніс і прыходзіў сюды рана раніцай і ўвечары. А паралельна перапраўляў на той бераг на вёслах самаробнага чоўна насельніцтва і работнікаў калгаса «Сцяг камунізму» да сенажацей. Яму дапамагалі сыны Міхаіл, Рыгор і Аляксей. Гэта месца на Сажы так і назвалі – Дзянісава будка. Кажуць, тут вадзіліся судакі і самы. Ды толькі калі гэта было!

Збірала таямніцы краю Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика