Утульныя шпакоўні: спецлясгас плануе размясціць 800 хатак для птушак

Красавік. Надышоў час гняздавання, кожная птушыная пара шукае сабе ўтульнае месца, дзе на свет з’явіцца пушыстае гарластае патомства.

Пярнатым штогод дапамагаюць школьнікі. На ўроках працы яны будуюць шпакоўні і развешваюць каля ўстаноў адукацыі, у садах, скверах і парках. Не пакідаюць валасянак, шпакоў і сінічак і работнікі лясной гаспадаркі раёна. На ўскрайках саснякоў, бярозавага гаю яны замацоўваюць хаткі для птушак. На мінулым тыдні гэтым займаліся лесаводы Рудня-Барталамееўскага і Кармянскага лясніцтваў. На вышыні трох-чатырох метраў былі прымайстраваны 150 драўляных хатак. Крыху менш – па 100 шпакоўняў – план па «новабудоўлі» ў астатніх лясніцтваў.

У цэлым спецлясгас плануе забяспечыць надзейным жыллём 800 птушыных пар.

Важна ведаць, што нельга прыбіваць домікі да ствала цвікамі, каб не пашкодзіць дрэва, іх замацоўваюць дротам на тоўстых сучках. Няхай сабе вылупляецца жаўтароты вывадак, множыцца крылатая чарада, радуюць чалавека шчаслівымі спевамі галасістыя птахі, верныя памочнікі лесу.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Besucherzahler
счетчик посещений