Чачаранка Галіны Лімантава стварае дзівосныя фігуры герояў народных казак

Ствараць дзівосныя фігуры герояў народных казак, дамавікоў, абярэгаў майстар народных промыслаў раённага цэнтра рамёстваў, этнаграфіі і фальклору Галіна Лімантава пачала пасля заканчэння Гомельскага прафесійна-тэхнічнага вучылішча №126 (зараз каледж). Спачатку ўладкавалася на працу на фабрыку мастацкіх вырабаў, а больш за 10 гадоў таму ў цэнтр, і з таго часу не развітваецца з ніткай, іголкай, нажніцамі.

З-пад яе спрытных пальцаў нараджаюцца мудрагелістыя ўзоры ажурнай выцінанкі, пярэстыя пано, кветкі, вобразы Бабы з Дзедам, Нафані, Дзеда Мароза і Снягуркі. У творах выкарыстоўваюцца элементы беларускай этнічнай культуры. У працу ідзе ўсё, што не спатрэбілася дома: стужкі, гузікі, папяровыя трубачкі, кавалкі матэрыялу, пацеркі. Тое, што трэба было б выкінуць на сметнік, атрымоўвае новае жыццё.

Амулеты ў выглядзе падковы шчасця, святочныя валянцінкі, выявы сімвалаў года – звычайныя атрыбуты выставачных паліц. З густам і тонка вырабленыя цацкі і сувеніры прапаноўваюцца на продаж на шматлікіх канцэртах, фестывалях, важных тэматычных форумах. Вось і зараз майстрыца рыхтуецца да рэспубліканскага фестывалю-кірмашу «Вясновы букет», дзе работнікі РЦРЭіФ ужо не адзін год дэманстравалі дзівосы сваіх таленавітых рук.

Работы Галіны Лімантавай карыстаюцца попытам, бо не саступаюць па якасці і дызайну зробленым на фабрыцы. Адно толькі адрознівае яе лясуноў, птушак, Бабак Ёжак – у кожным вырабе жыве душа і ўкладзеныя мяккай жаночай рукой любоў.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Besucherzahler
счетчик посещений