«Мае гады – маё багацце»

Працягваючы тэму Года малой радзімы, прапануем чытачам матэрыял нашага земляка Уладзіміра Пернікава. Пэўны час ураджэнец краю працаваў карэспандэнтам раённай газеты. І напярэдадні яго 80-годдзя прыемна ўзгадаць таленавітага журналіста на старонках «Чачэрскага весніка».

Слова ад юбіляра:

– Нарадзіўся я 4 лютага 1939 года на Ганнаполлі ў сялянскай сям’і, дзе вырасла сямёра дзяцей: пяць хлапцоў і дзве дзяўчыны. Як і ўсе мае равеснікі, напоўніцу зведаў голад і холад пасляваенных часоў і вострую неабходнасць дапамагаць бацькам па гаспадарцы.

Пасля заканчэння сярэдняй школы №1 паступіў у Гомельскі педагагічны інстытут імя В.П.Чкалава на гісторыкафілалагічны факультэт. Восем гадоў настаўнічаў. І гэта быў якраз той перыяд, калі я адчуў неабходнасць узяцца за пяро, каб на паперы выказаць свае думкі і ўражанні аб тых ці іншых людзях і з’явах грамадскага жыцця. Урэшце рэшт гэта закончылася тым, што ў «Гомельскай праўдзе» мне выдалі пасведчанне пазаштатнага карэспандэнта газеты і даверылі правяраць скаргі чытачоў, якія паступалі ў рэдакцыю. А ў сярэдзіне 1969-га мяне залічылі ў штат літсупрацоўнікам. Пасля былі пасады ўласнага карэспандэнта і загадчыка аддзела, затым перавод у 1984 годзе ў рэспубліканскую газету «Звязда» ўласным, а пазней спецыяльным карэспандэнтам па Гомельскай вобласці, дзе я працаваў да 70-гадовага ўзросту.

Такім чынам, журналісцкай рабоце я аддаў 40 гадоў свайго жыцця. За гэты час пабываў ва ўсіх кутках Гомельшчыны і стараўся знаходзіцца ў курсе найбольш цікавых і важных падзей і праўдзіва, і аператыўна расказваць аб іх чытачам. Цяжка пералічыць, колькі было надрукавана маіх нарысаў, замалёвак, рэпартажаў, фельетонаў, гумарэсак і іншых матэрыялаў, колькі водгукаў атрымаў. Ніколі не забываў я і пра сваю Чачэршчыну. У «Гомельскай праўдзе», «Звяздзе» з-пад майго пяра выйшлі інтэрв’ю з кіраўнікамі раёна і органамі мясцовай улады на сяле, аповеды аб будаўніцтве бальніцы, вытворчых поспехах лясгаса, ПМК18, ААТ «Звязда», ветэранах вайны і працы, спартсменах і г. д. Мая журналісцкая работа адзначана медалём «За працоўную доблесць», двума бронзавымі медалямі Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР, ганаровымі граматамі Гомельскага аблвыканкама, знакам «Выдатнік друку».

Дзесяць гадоў ужо я на пенсіі. Як кажуць, адпачывай сабе і ў вус не дзьмі. Так, адпачываю. Але ж прыцягальнасць журналісцкай прафесіі такая, што хочаш не хочаш, але вымушае не-не ды ўзяцца за пяро. Грэх супраціўляцца. Тады бачу і чую: рыпіць пяро. І як вынік гэтага, напрыклад, некалькі маіх публікацый у абласным і рэспубліканскіх сродках масавай інфармацыі ў мінулым годдзе.

Прапаноўваю на суд чытачоў паважанай мной раёнкі, пастаянным падпісчыкам якой з’яўляюся ўжо не памятаю колькі гадоў, асобныя моманты свайго пасляваеннага дзяцінства. Як бачыце, пяро не ржавее. Жыццё працягваецца…

У ворагах у нас хадзіў Лявон Малявец…

На мяне, маіх сяброў Мішку і Грышку, што нарадзіліся да вайны, а пасля перамогі над фашыстамі на сваёй скуры зведалі голад, холад і нястачу, гэты палявы калгасны вартаўнік наводзіў жах. Уявіце сабе такі малюнак. На калгасных гонях ужо не чуваць было людскога гоману. Прыбрана морква, буракі, бульба і позняя капуста. То нейкай драбнатой-сеянкай імжаць, то тугімі струменямі лупяць дажджы. Не толькі кіраўнікам рознага рангу, а нават калгасным коням Кейсу і Джыну, што дасталіся нашым войскам ад немцаў, было зразумела, што бульбяныя палеткі пераворвацца не будуць: сіл няма для гэтага, магчымасцяў, ды хутка ўслед за марозамі мяцеліцы разгуляюцца. А ў галовах нашых бацькоў б’юцца-пульсуюць думкі: як зіму перажыць? Сем’і ж, дзеці… Ад заробленых у калгасе працадзён- «палачак» жываты ці ўшчэнт усохнуць, ці апухнуць. Надзеі ж на ўласныя гароды самыя мінімальныя: на няўгноеных землях (рэдка ў каго ёсць карова) пастаянная няўродзіца. От быў бы дазвол пакорпацца на тым убраным ужо полі калгаса не ў шкоду яму, глядзі, на два-тры мяшкі харчу папоўніліся б зімовыя запасы. А гэта – адчувальная падмога. Дык не ж, не было такога дазволу, не было. А без яго маглі не толькі штрафам пекануць, а і на лаву падсудных пасадзіць. Таму дарослы люд не адважваўся на такія рызыкоўныя крокі.

Мы ж, васьмі-дзевяцідзесяцігадовыя, а то і большага ўзросту хлапчаняты, добра разумелі сітуацыю: цяжка бацькам, трэба дапамагаць ім. І мы стараліся. То ўпаўшыя на пожню пасля жняяркі жытнёвыя каласкі для калгаса падбіралі, то маткам сваім, якія ў крук сагіналіся, арудуючы над збажыной сярпамі, перадых давалі хвілінак на дзесяць-пятнаццаць, самі ў ход пускаючы тыя сярпы ды перавязваючы снапы і ставячы іх у бабкі. То адшуквалі жалезнае ламачча, косткі жывёльныя і здавалі іх каравашнікам (так называлі ў нас пакупнікоў рознага рыззя, што ездзілі на калёсах па населеных пунктах). У аптэку неслі высушаныя бадзягу, травызёлкі і крылцы майскіх жукоў, а ў нарыхтоўчую кантору – карані хрэну. Можа і драбязой усё гэта было для сямейнага бюджэта (праўда, такога слова ў той час мы нават не чулі), але ўсё ж ганарыліся: не лодары, не дармаеды. Памочнікі!

А тут – бульба, глядзі, згніе за зіму, зямлёй стане. А нам яна, галодным, дазарэзу патрэбна. Таму – на поле. Без загаду бацькі ці маці. Але з іхняй маўклівай згоды. Торбачкі – пад паху, нямецкую сапёрную рыдлёвачку – за пояс, картуз – на самыя бровы, каб Лявон не пазнаў. А той, бачым, па полі на коніку гойсае. З канца ў канец. Пуга ў яго такая, што, калі апярэжа каго, дзясятаму закажаш. Але хіцер Зміцер, ды і Саўка не дурны. Я, Мішка і Грышка зашыліся ў кусты. Чакаем. Лявон не спяшаецца, таксама чакае. Чарговую ахвяру. Цэлую гадзіну, а мо і больш ляжым. Вартаўнік нарэшце крануў бакі каня сваімі чаботамі, развярнуўся і ўзяў кірунак на Чачэрск.

Хоць і рэдка, але бульба трапляецца. Шчасце, калі вывернеш цэлы корч, пяць-шэсць дзябёлых прыгажунь там. Дадому са здабычай вяртаемся задаволенымі. Галоўнае, што не пабітыя. Як узнагарода за працу – матчына ўсмешка, цёпленькая рука, што лагодна прайшлася па галаве, і тры словы: малайчына, памочнік, карміцель.

Але такіх вось удач асабіста ў мяне і маіх сяброў было няшмат. Часцей за ўсё ў нашых торбачках гуляла паветра, бо Малявец дзяжурыў да самых прыцемкаў. А з’яўляўся ён на поле нечакана, да пары да часу затаіўшыся ў той ці іншай лагчынцы, пасля чаго рыссю імчаў на нас. Але ж мы давалі драпака, толькі пяткі блішчэлі, у супрацьтанкавы роў, круты спуск і пад’ём якога не давалі каню хуткага ходу, ці да маяка, на планкі-лесвічкі якога «вораг» залазіць не адважваўся. Там і быў наш паратунак. Праўда, аднойчы Лявон злез з каня і паспрабаваў затрымаць каго-небудзь з дзяцей. Ды атрымаўся канфуз. Бо нейкі штукарсмяльчак са старэйшых хлапцоў на карачках падпоўз да каня і так па-воўчы завыў, што той уподбрыкі ірвануў прэч, і Малявец вымушаны быў па ліпкай гразі (а гэта больш кіламетра) дабірацца дадому пешкі. Тры дні шукаў ён буланага. А той знайшоўся, кажуць, ажно ў Меркулавічах, што, пэўна, у 18-20 кіламетрах ад райцэнтра. На шчасце, мне і Мішку ўдавалася пазбягаць няшчадных, з зацяжкамі ўдараў Лявонавага бізуна, які рассякаў цела, надоўга пакідаючы на ім ныючыя болем пакутлівыя крывавыя рубцы. Дзясятак-другі хлапцоў, у тым ліку і Грышка, адчулі на сабе гэта напоўніцу.

Але такая вось «экзекуцыя» і самому злосніку-вартаўніку вылазіла бокам: бо не было таго лета, каб яго сад ноччу не абтрушвалі. І тады лявонава сям’я надоўга забывала, які водар і смак мелі іхнія яблыкі і грушы. Няцяжка здагадацца, хто за ўсім гэтым стаяў.

Намнога пазней мы зразумелі, што змаганне Лявона Маляўца з «раскрадальнікамі і рабаўнікамі сацыялістычнага дабра» было не столькі яго асабістай справай, колькі служэннем той сістэме дзяржаўнага кіравання, якой ён падпарадкоўваўся без усякага роздуму.

… а ў кумірах – Сенька Рыжы

На той час ён быў пенсіянерам. Дробнага росту, худога целаскладу і гумарным. Сыпаў жартамі, прыпеўкамі і афарызмамі. Па ўсім відаць, начытаным быў. Сухенькая і кульгавая жонка Марфа баялася яго як агню, хаця ніколі не ўдарыў яе, як гэта здаралася ў іншых сем’ях. Бяздзетная пара жыла ў маленькай хатцы на беразе Чачоры, што ў кампаніі з Сожам у час вясновага разводдзя гушкала свае воды ў якой паўсотні метраў ад іхняга жытла.

Андрэевіч вельмі любіў чарку. Не ведаем, якая была ў яго пенсія, але знаем, што яе, чарку тую, ён ніколі не прапускаў. Грошы ў яго, можна сказаць, не выводзіліся. Бо, маючы ў сваёй уласнасці жакі, сеткупутанку, нераты і «скрыпкі», ён зарабляў на рыбе. Калі Андрэевіч адпраўляўся на ваду, мы ўтрох часта былі тут як тут. Спускалі лодачкудушагубку, выносілі ў карытцы, якое нагадвала драўляныя начовачкі, сетку, пачыну (вясло, значыць). Вярнуся гадзіны праз тры, казаў. Калі хочаце – сустракайце. Як тут не хацець? Ведалі: без рыбы не застанемся. Так яно і было. Заўсёды. Сенька выходзіў з лодкі і з кошыка россыпам кідаў на траву штук дваццаць прыгатаваных для нас плотак, акунёў ды шчупачкоў, і задаволена смяяўся, назіраючы, хто з нас ухопіць іх больш. Мы ж пасля дзялілі здабычу пароўну. Адзіным, каго пабойваўся Андрэевіч, быў рыбінспектар Палякоў, які сачыў за парадкам на водных прасторах ад Гомеля, дзе жыў, да Кармяншчыны. А гэта – кіламетраў, мо, пад 150, калі не болей. Ездзіў ён на маторнай лодцы, узброены пісталетам. А Сенька быў пільны: пачуе матор – сетку ў тое карытца з вады і – шась у прысожскі лазняк. Затоіцца, пачакае і зноў за справу.

Але аднойчы, пры спадзе вады, калі ўжо дзе-нідзе вытыркнуліся з яе астраўкі і Андрэевіч браў кірунак дадому, з прыстані выскачыў Палякоў і паімчаў да Рыжага. Мы з цікавасцю з Замкавай гары за гэтым назіралі. Сенька – на астравок з лодкай. Паспрабуе Палякоў з маторам туды – мелка. Вылезе ён з лодкі і ў гумавых ботах да рыбака, а той – на глыбіню. Гадзіны паўтары, мабыць, так працягвалася. А потым, бачым, Палякоў дастаў пісталет, паказвае яго Сеньку, ды той і ў вус не дзьме. Ведае: не тая сітуацыя, каб страляць у чалавека. Рыбінспектар так і застаўся ні з чым.

Рыбу Сенька прадаваў не на рынку, а разносіў па хатах тым, ад каго быў заказ. Больш за ўсё яе куплялі яўрэі, што жылі ў цэнтры Чачэрска. Асаблівым попытам карысталіся шчупакі, якіх яны фаршыравалі. Атрымаўшы грошы, Андрэевіч браў курс на «Чайную», якой камандаваў Аркадзь Бінкін. І там ужо даваў волю сваёй натуры. Напіваўся моцна, не шкадуючы наліць і камунебудзь з разявакаў. Пасля ішоў дадому да Марфы. Ды не даходзіў: выпітае недзе валіла яго з ног. І тут, як на тое, з’яўляўся міліцыянер Лажэвіч (як звалі яго, на жаль, не памятаю) і пачынаў будзіць, спрабаваў паставіць на ногі. Без толку. Валодаючы вялікай фізічнай сілай (спецыяльнага транспарту ў міліцыі тады не было), ён узвальваў Сеньку на плечы і нёс. Той адразу ж прачынаўся і пачынаў на ўвесь райцэнтр гарлапаніць: біты нябітага вязе, біты нябітага вязе! Пасля чаго зацягваў песню «Шумеў камыш». Народ рагатаў так, што міліцыянер адчуваў: ён становіцца пасмешышчам, і зноў спрабаваў паставіць рыжага на ногі. Але Сенька падаў і пад нейкую частушку ўшыркі раскідваў рукі.

Такая вось камедыя паўтаралася шмат разоў. І не кожны заканчваўся дастаўкай Андрэевіча ў міліцыю, бо Лажэвіч упрошваў каго-небудзь з разявакаў адвесці таго дадому, калі крыху агоўтаецца. Перавыхаваць Сеньку Рыжага так нікому і не ўдалося. А калі той памёр, на пахаванні было шмат людзей. Намнога больш, чым на пахаванні Лажэвіча і Аркадзя Бінкіна, якія пайшлі на той свет пазней. У тым нашым дзіцячым розуме гэты вясёлы і добры чалавек быў кумірам. У маёй галаве да гэтага часу не сцерліся ўспаміны аб ім.

Уладзімір Пернікаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Besucherzahler
счетчик посещений