Спрадвечнае ў работах мастачкі

Вясковая хата, маленькая рэчка, бусел у небе – гэта немагчыма забыць. Таму Святлана Раманава бярэ пэндзлік і малюе. Яна нарадзілася ў вёсцы Покаць, якую любіць усёй душой. Шмат работ прысвечана мясцінам дзяцінства, хоць і жыве наша зямлячка ў Мінску не адзін дзясятак год.
Пра свае творчыя пошукі Святлана расказала на адкрыцці аўтарскай выставы «Спрадвечнае», якая зараз дзейнічае ў раённай бібліятэцы. Прэзентацыя прайшла на адным дыханні. Першымі наведвальнікамі экспазіцыі сталі вучні СШ №1. З імі і шла размова пра лёс мастачкі, выбар свайго шляху ў жыцці, вытокі натхнення. Свет жывапісу для Святланы адкрыў Іван Шышкін. Разглядаючы пейзажы, яна захаплялася, а хутка і сама вырашыла пакінуць на палатне маляўнічыя краявіды. Вядома, у кожнай карціны ёсць свая гісторыя. Вось сям’я сабралася за сталом, вось дарога дамоў, вось мясцовы храм. На малую радзіму творчая асоба заўсёды прыязджае з фотаапаратам. Кожны здымак захоўвае нешта дарагое сэрцу, матыў, які потым застыне ў фарбах. Акрамя таго, натхняюць і іншыя мясціны, дзе даводзілася бываць. Хвалюе тэма сучаснага духоўнага героя. Гэта чалавек, здольны, адданы сваёй справе, які за грошы не прадасць душу. Святлане Бог даў не толькі мастацкі талент, але і паэтычны. На мерапрыемстве яна чытала свае вершы, якія здзіўлялі вышынёй думкі, прымушалі задумацца. Сустрэча пакінула прыемныя ўспаміны. А тым часам выстава працягвае дзейнічаць – запрашаем азнаёміцца з творчасцю нашай зямлячкі.
Лідзія ХАРАШЫЛАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.