Чачэршчына рыхтуецца да Калядак

Народны звычай калядавання захоўваюць і шырока дэманструюць вяскоўцам у Бабічах. Клубныя работнікі і члены калектыва народнай песні, музыкі і танца «Лёс» штогод абыходзяць падворкі, вітаючы старых і малых добрым словам, вясёлай песняй і каляднымі віншаваннямі.

IMG_2024

Жанчыны старэйшага ўзросту, як і палагаецца, выконваюць для гаспадароў «Святы вечар» і іншыя божыя песні-ўшанаванні, а потым адбываецца тэатралізаваны абрад. Цыганы варожаць на дабрабыт і поспех, Мядзведзь катаецца па падлозе, каб у хаце быў дастатак і багацце, Каза вытанцоўвае перад людзьмі выкрунтасы, а Павадыр вымаўляе заклінанні на «век доўгі і колас цяжкі», жадае шчасця і долі, а бяды – ніколі, «каб было ўволю хлеба і сала, каб усім цеплыні і міру хапала». Адным словам, за дарагія пачастункі нізка кланяюцца і зычаць самага лепшага, «здароўя таму, хто ў гэтым даму».
Шчадравікоў чакаюць і загадзя рыхтуюцца да іх прыходу, бо многія лічаць, што яны – валхвы, якія з’яўляюцца пасрэднікамі паміж Богам і людзьмі, нясуць на зямлю боскую літасць, заступніцтва і абарону ад нягод, прыроднай стыхіі, хваробы. Праўда, ёсць і такія, што запіраюцца на ўсё засаўкі і не прывячаюць «ражаных». Тады для скупых спяваецца наступнае: «На двары стаіць вярба сукаватая, на пячы ляжыць хазяйка кілаватая». Аднак, калі на падворку пабыло тры групы калядуючых, гаспадар мае права не адчыняць дзверы, перад гэтым павесіўшы на іх блін, маўляў, сонейка да нас ужо завітала. Або проста паказвае гэты блін у вакно, і тады ўсё зразумела, крыўды ніякай. Але ў Бабічах звычаі паважаюць, гасцям рады і заўсёды трымаюць і сэрца, і весніцы адкрытымі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.