Жыве пчалавод у Чачэрскім раёне

IMG_3295Нездарма Чачэршчына заяўляе аб сабе як аб сталіцы мёду. З даўніх часоў тут працягваюць традыцыі пчалярства неабыякавыя да гэтага занятку людзі. Адзін з іх мясцовы жыхар вёскі Чырвоны Дварэц Віктар Сцяпанавіч Маркевіч. Шматклапотнай пасечнай справай ён займаецца амаль што з самага дзяцінства.
Асноўныя веды аб гэтым рамястве хлопчыку дасталіся ў спадчыну ад дзядулі. Усур’ёз займацца пчоламі было даспадобы і нашчадку. Мала-памалу юнак набіраўся пчалярскага вопыту, а за сем дзясяткаў гадоў захапленне ўжо стала ладам жыцця. Без сваіх паласатых падапечных наўрад ці можна ўявіць існаванне. Любімы занятак не дае сумаваць і расслабляцца. Пакуль у вуллях гудуць шчырыя на смачны і карысны ласунак таўстабрухія жыхары, рупліваму гаспадару весялей жывецца.
Сёння ў 77-гадовага вяскоўца налічваецца 17 пчаліных домікаў. А вось умовы для трымання насякомых стварае сама прырода.
– Рэсурсы, што існуюць у нашай краіне, ва ўсіх адносінах спрыяюць развядзенню пчол. Бо тут ёсць і лясы, і балоты, і рэкі, і лугі, – дзеліцца знаўца справы. – А гэта і ёсць неабходнае для атрымання якаснага прадукту, які мы ўжываем і як дарагія прысмакі, і як бясцэннае лякарства.
Сапраўдны і натуральны мёд лёгка адрозніць ад тога, што напічканы прымесямі. Калі накапаць яго невялікімі кроплямі, апошнія не стануць распаўзацца. Існуюць пэўныя спосабы, што дазваляюць праверыць на якасць і такі прадукт, як праполіс. Адзін з іх усім даступны і просты. Да яго можна звярнуцца ў хатніх умовах. Трэба проста апусціць невялікі кавалак у ваду. Калі праполіс натуральны, то адразу пойдзе на дно. А несапраўдны, што змяшчае ў сабе прымесі, застанецца плаваць на паверхні. Гэта толькі пара парад, якія прапанаваў нам заахвочаны вясковец. А каб словы не выклікалі сумненняў, падмацаваў сказанае адпаведнымі дзеяннямі.
У жніўні яшчэ працягваецца збор позніх сартоў гэтага смачнага прадукту, аднак у апошняй дэкадзе месяца ён звычайна спыняецца. Настае час падрыхтоўкі пчол да зімоўкі. І тут адбываецца цэлы працэс… Але гэта нічога. Затое будзе чым пачаставаць знаёмых і радню. Смачны янтарны прадукт карыстаецца попытам на працягу ўсяго года.
Нягледзячы на значны вопыт, Віктар Сцяпанавіч паспявае знаёміцца з новай інфармацыяй праз спецыяльныя газеты і часопісы. А калі крылатыя падапечныя дагледжаны, спяшаецца ўдзяліць увагу іншым гадаванцам. На падвор’і пенсіянера парсюкі, трусы, куры і верны сябра – сабака. Каўказскую вартаўнічую аўчарку мужчыне падаравалі каля сямі гадоў назад. З таго часу прыгажун раздзяляе з гаспадаром і смутак, і радасць. Служыць вяскоўцу добрым ахоўнікам і шчырым таварышам.
Трэба паклапаціцца і аб своечасовай уборцы агародніны, а таксама пшаніцы. Вялікая гаспадарка, вядома, патрабуе адпаведных намаганняў.
Святлана ДЗІДКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.