Старажылы Чачэршчыны паказалі абрад

Гарачыня. Росквіт прыроды. На палях гудуць камбайны, на зернетаках шум і прыемны пах свежаскошанага зерня. Усё гэта – асноўныя кампаненты спякотнага лета.

Сезон уборкі збожжа ва ўсе часы быў турботны, напружаны і адказны. Гэта зараз на жытнёвых і пшанічных палетках ва ўсю грукочуць матавіламі жатак сталёвыя гіганты і шнырае туды-сюды грузавая тэхніка. А даўней уся работа праводзілася ўручную. На днях старажылы вёскі Чырвоны Бор Паліна Новікава, Надзея Корхава,  Ніна Мінянкова і Ніна Ільюшэнка правялі сімвалічны абрад зажынак, прыпомніўшы дні, калі ўсе жанчыны сямейства, апрануўшыся ў белую бялізну і святочныя ўборы, выходзілі з сярпамі ў поле. Гнулі спіну дзяўчаты і маладзіцы з раніцы да позняга вечара, жалі калоссе, вязалі ў снапы і скрозь па іржышчу ставілі абабкі. А потым звозілі іх дадому, у гумно, сушылі і пачыналі малаціць. Для гэтага прымянялі розныя метады: расцілалі на зямлю вялікую посцілку і білі па калоссях малацільным цэпам, або клалі снапы на лаўку і таксама дубасілі па іх драўляным пернікам. Як кажуць, сто потаў сыйдзе, перш чым зярняты лягуць у мяхі, бочкі і скрыні.

Аказвалі дапамогу вяскоўцы і мясцоваму калгасу: станавіліся радком на шырокай хлебнай прасторы, падразалі сцябло, укладвалі каласы долу і туга звязвалі перавяслам. Потым на конях, або на іншай сельскагаспадарчай тэхніцы звозілі духмяны скарб для абмалоту. Працэс цяжкі, працаёмкі, але ў людзей хапала сілы яшчэ і на песню. Звычайна такія сельгасработы праводзіліся пад жніўныя матывы – тут і там гучалі галасы жнеяк, што надавала справе магічнасць, святасць і ўрачыстасць.   А сабраўшы ўраджай, трэба было яго змалоць. Нашы прадзеды атрымоўвалі гэты прадукт, прымяняючы прымітыўны спосаб: у дубовую калоду забівалі мелкія чугунныя чарапкі, такія ж абломкі прымацоўвалі на верхнюю частку прыстасавання, пасярэдзіне выразалі дзірку і пачыналі круціць круг. Пашчасціць таму, у каго меліся каменныя жорны. А яшчэ лепей, калі ў селяніна была свая ветраная, або вадзяная мельніца. З пыхнай беленькай мукі гаспадыні выпякалі круглыя булкі, частавалі салодкім боханам з залацістай скарынкай усіх дамачадцаў, намазвалі цёплыя скібкі варэннем, мёдам, ужывалі з салам і маласольным гурком. Хлеб, здабыты такім чынам, вельмі шанаваўся, яго з’ядалі ўвесь да крошачкі. Хоць і складана было жыць, прызнаюцца жанчыны, але дружна і весела.

…Раненька ўстала сонейка, а яшчэ раней – аграрыі раёна. Упэўнена выводзяць яны на палі магутную тэхніку, шчыруюць на залатой ніўцы, каб жылося беларусам радасна, а елася ўдосталь. Нізкі паклон і хвала рукам тваім, хлебароб!

IMG_2156 IMG_2167 IMG_2173 IMG_2202

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.