Свежая вадзіца з жыватворнай крыніцы

IMG_0688У бяляеўскай сельскай бібіліятэцы-клубе шырока прапагандуецца беларуская традыцыйная культура, вывучаюцца бацькоўскія звычаі, пішацца летапіс краю.

Бібліятэкар Марына Іванова шмат гадоў падрабязна і з запалам знаёміць дзетвару не толькі з мясцовымі абрадамі і дыялектамі, знакамітымі жыхарамі, археалагічнымі каштоўнасцямі, але і прывівае хлопчыкам і дзяўчынкам любоў да прыроды. Наша Радзіма – зямля з блакітнымі вачыма, кажуць у народзе. І нездарма. Першае, што сведчыць аб гэтым, жывыя крыніцы, у якіх адлюстроўваецца неба, аблокі, яркае пяшчотнае сонейка. Асобныя з іх размяшчаюцца каля ціхай мелкаводнай рачулкі Молінка. І кожнае лета Марына Уладзіміраўна наведваецца туды з дзецьмі, каб у рамках своеасаблівай краязнаўчай экспедыцыі пазнаёміць рабят з легендамі і паданнямі краю, расказаць гісторыю ўтварэння вытокаў і паралельна ачысціць іх ад ілу і іншага бруду. Але выношваюць замілаванне і павагу да зямнога багацця і многія яе землякі, неабыякавыя да навакольнага хараства, усяляк абагачаючы і захоўваючы культурныя здабыткі. У красавіку гэтага года, напрыклад, тэрыторыю каля дзвюх молінскіх крыніц добраўпарадкаваў ураджэнец вёскі Каменка Сяргей Іваноў. Па ўласнай ініцыятыве ён зрабіў на адной новенькі зруб, другую аздобіў каптажом, устанавіў драўляны крыж, паставіў зручныя лаўкі для адпачынку, паклаў устойлівыя масткі, каб чалавек мог без перашкод і цяжкасцяў падыйсці да сцюдзёнай вады і ўдосталь напіцца яе чароўнай гаючай прахалоды. Падкрэсліла значнасць гэтай дабрачыннай акцыі, вялікае жаданне Сяргея Рыгоравіча прадоўжыць жыццё цалебнаму жывому вытоку на доўгія гады працэдура асвяшчэння, для чаго дабрачынец прывёз з сабою царкоўнага служку. Бацюшка правёў свяшчэнны абрад і даў назву крыніцы – Траецкая. Безумоўна, цяпер сюды часцей будуць прыходзіць за святой вадою з надзеяй і верай на добрае здароўе мясцовыя жыхары, заезджыя госці, школьнікі.
…Б’юць і «кіпяць» халодныя ключы, бяжыць з глыбокіх нетраў жыватворная вадзіца, ідуць да яе людзі, каб абмыць твар у ліпеньскую спёку і набрацца сілы зямной, глынуць яе святасці і чысціні. Жыві, крыніца, жыві!
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.