На ліпавай алеі пахне мёдам

IMG_9599На дзіва халодная вясна гэтага года не спрыяла буйнай квецені зёлак і дрэў. І, тым не менш, зямля паціху прачнулася ад зімовай спячкі, зазелянелі лугавіны і ўсё больш раскошнымі становяцца верхавіны бяроз і клёнаў.
З прыходам цяпла кожны год распускаецца і духмяная каралева-ліпа. Салодкі пах мёду ад залатых пялёсткаў ліпавай алеі каля сучаснага будынка гімназіі казыча ў носе і наталяе сэрца пяшчотай – жыццё набірае абароты, прырода адраджаецца і харашэе. Але чыёй рукою пасаджана гэта ўратавальная гавань прахалоды і жывой энергіі? Маладыя саджанцы меданосу ў памяць аб вучобе прыкапалі ў глебу выпускнікі 10 «б» класа сярэдняй школы імя У.І.Леніна восенню 1983 года. Дырэктарам установы адукацыі на той час быў Васіль Сямёнавіч Стош, завучам – Лізавета Міхайлаўна Вінцэўская, а класным кіраўніком – Уладзімір Мікалаевіч Новікаў. Развітваючыся са школай, у адзін з кастрычніцкіх суботнікаў хлопцы Аляксандр Ермакоў, Валерый Котаў, Леанід Кручкоў, Алег Пінчук, Віктар Цюранкоў, Юрый Сычоў, Аляксандр Іваноў, Валерый Маглышаў і Уладзімір Пернікаў узяліся за справу. Трэба сказаць, што гэты клас быў дружны, з’яднаны і служыў прыкладам аднагодкам і малодшым рабятам. Выпускнікі далі школе аж пяць залатых медалістаў, сярод якіх Іна Секач, Ала Юшкевіч, Валерый Маглышаў, Вольга Ціцянкова і Эла Ярохава.
…Гудуць над кветкамі старых ліп старанныя пчолы, збіраюць нектар, каб вырабіць з яго мёд і падзяліцца цягучым натуральным прадуктам з тымі, хто 34 гады назад спрытна працаваў рыдлёўкай, паліваў маладыя кволыя дрэўцы вадою, каб яны раслі, набіраліся сілы і разлівалі свой п’янлівы парфум на ўвесь школьны двор, напаўняючы лёгкія водарам, а душу – радасцю.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.