У працы гартуецца слава

IMG_7320Хлебаробская праца адна з самых карпатлівых і турботных, яна патрабуе не толькі строгай дысцыпліны і адказнасці, але і шчырай любові да зямлі, вернасці абранаму лёсу аграрыя.

Такое прыцягненне да хлебнай нівы, да кожнага пшанічнага палетка перажывае дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Отар» Таццяна Струк. Свае трывогі і клопат пра шчодры ўраджай і важкія прывагі яна выхоўвае і ў кожным члене калектыву, без якога немагчыма ні ўспахаць глебу, ні выгадаваць цялятка, ні парадавацца вытворчым дасягненням. А поспех заўсёды знаходзіць руплівых, і перадавая гаспадарка раёна сёння адзначае чарговую гучную перамогу – у сувязі з дасягненнем найлепшых паказчыкаў за 2016 год па выніках работы арганізацый і прадпрыемстваў Гомельшчыны ў штогадовым спаборніцтве ў намінацыі «Лепшая арганізацыя сельскай гаспадаркі» стала сельгаспрадпрыемства «Отар». Ушанаванне лепшых працоўных калектываў, дзе прысутнічалі прадстаўнікі ўлады, ветэраны вайны і працы, прафсаюзныя лідары і моладзь, традыцыйна праходзіла напярэдадні Першамая ў гомельскім абласным драматычным тэатры. Таццяна Аляксееўна Струк была адной з тых, каму пад апладысменты зала на святочнай сцэне ўручылі высокую ўзнагароду – пасведчанне аб занясенні адкрытага акцыянернага таварыства на абласную Дошку гонару. Трэба заўважыць, што прымаць такое пачэснае званне для дырэктара вядомай у краіне гаспадаркі не ў першы раз, але лёгкае трапятанне ўсё ж такі адчувалася.
Гэта высокая адзнака – заслуга і дасягненне ўсяго калектыву, – гаворыць дырэктар. – Я з упэўненасцю сцвярджаю, што толькі разам і пры ўмове зацікаўленасці, поўнай аддачы рабоце і любові да зямлі мы змаглі выйсці на такія высокія рубяжы працоўнай славы. Кожны механізатар, кожны жывёлавод варты добрых слоў, і так яно ёсць. Ад усяго сэрца выказваю ўсім падзяку за паразуменне, за намаганні і стваральны запал, за іх старанне і асабісты ўклад у агульную справу. Безумоўна, нам ёсць чым ганарыцца – гэта нашы людзі, наш з’яднаны і дружны калектыў.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Аналагічнае ўшанаванне перадавікоў вытворчасці раёна прайшло на Чачэршчыне, дзе лепшым з лепшых выказалі павагу за іх клопат і добрасумленнае выкананне працоўных абавязкаў. Ганаровыя граматы і Падзячныя лісты атрымалі дзясяткі жыхароў краю, якія прадстаўлялі шматлікія калектывы розных галін вытворчасці. Па традыцыі адбылося адкрыццё раённай Дошкі гонару і канцэртная праграма на сцэне РДК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.