На Чачэршчыне прайшоў абрад «Пахаванне стралы»

IMG_8289Старажытны народны абрад з песнямі і карагодамі зноў адбыўся ў Валосавічах. Ён шмат гадоў праводзіцца тут на саракавы дзень пасля Вялікадня – свята Узнясення Гасподня, або Ушэсце, з мэтай абярэгу жывёл, людзей і іх жытла ад грому, урагану, любой бяды, а таксама ўяўляе сабой магічную дзею па выкліканню дажджу і замову на ўрадлівасць глебы.

Жанчыны ў каляровых сукенках, нацыянальных уборах шчыльнай сцяной прайшлі па вуліцах вёскі, за ваколіцай у зялёным жытнёвым полі, на свежай ніўцы правялі абрад пахавання стралы, палілі вогнішча, скакалі праз яго, ачышчаючы такім чынам душу ад граху, цела ад хваробы, і прасілі ў Бога блаславення на шчырую спорную працу, шчодры ўраджай і добрае здароўе. Частаваліся гасцінцамі, салам і яечняй, якія са шчодрай душой прыгатавалі для ўдзельнікаў ігрышча мясцовыя жыхары, жадаючы ў адказ вяскоўцам міру, ладу, дабрабыту.
Лічылася, што пасля гэтага дня вясна скончылася, таму спяваць вяснянкі забаранялася. Народ шчыра верыць у прыкметы і сілу абраднасці. Кажуць, быццам і сапраўды ў апошні час, калі тут пачалі праводзіць пахаванне стралы, вёску абмінае бяда, абыходзяць пажары, не кранаюць засуха, лівень. Прыемнай адметнасцю з’яўляецца яшчэ і тое, што да агульна-масавага традыцыйнага аўтэнтычнага свята далучаюцца моладзь, дзеці, школьнікі, як паслядоўнікі культурнай спадчыны і захавальнікі мясцовых беларускіх традыцый.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.