На Чачэршчыне, у вёсачцы Мікольск

IMG_7979На тэрыторыі Роўкавіцкага сельсавета сярод цішыні палёў і духмянага паху лугавой травы сцішылася невялічкая старэнькая вёсачка Мікольск.

Сваю назву яна займела, па сцвярджэнні старажылаў, ад хрысціянскага царкоўнага свята Міколы Цудатворцы, або як яго яшчэ клічуць у народзе – вясновага Міколы. Складаецца пасяленне ўсяго з адной вуліцы, заснаванай у пачатку 1920-х, абапал якой растуць магутныя волаты-клёны «у тры абхопы». Калісьці іх пасадзіў тут былы пан Дзержаловіч, а на ўскрайку населенага пункта даў жыццё маладой пасадцы з рэдкіх парод дрэваў і кустарніку. У красавіку і маі сярод маладой зеляніны на ўсе галасы шчабяталі сойкі, спявалі салаўі і ў паветры разносіўся салодкі дурман квецені. Заможны памешчык меў тры сядзібы, у тым ліку дзесьці на Смаленшчыне, але большую частку часу праводзіў у Мікольску. І сапраўды, краявіды гэтых мясцін зачароўвалі: каля хат курыліся п’яным водарам галінкі бэзу і раскошнага язміну, да высокага неба ірвалася сваёй вострай верхавінай стромкая ганарыстая лістоўніца, плыткая Чачора вабіла ў спёку благадатнай прахалодай, паміж двух сажалак пралягала вузкая сцежка – ідзеш вось так, слухаеш птушак, любуешся белымі лілеямі на ціхай вадзе і адчуваеш сябе, нібы ў Венецыі.
Некалі вёска на 16 двароў грымела вёдрамі каля калодзежаў, рыкала хатняй жывёлай у хлявах і на вадапоі, стукала абцасамі на вяселлях і радзінах, грукатала коламі конскага возу і плакала жаночымі слязамі адчаю і шчасця. За ваколіцай размяшчалася калгасная свінаферма, утрымліваліся цяляты. А цяпер тут усяго шэсць хатак з колькасцю насельніцтва сем чалавек. Сёстры Вольга Мікітаўна Чэкізава і Марыя Мікітаўна Ганчарова (на фота) самыя старыя – адной 90, а другой 88 гадоў. Тут яны знайшлі свой дом, гадавалі дзяцей і гаравалі гора, тут ладзілі святочныя вечарыны і збіралі ўраджаі з багатых сотак, тут ім і паміраць. Але пра свой апошні дзень пакуль не думаюць – дзякуй Богу перазімавалі, а зараз толькі і радавацца цёпламу сонейку ды зялёнай мураўцы. Хапае таксама клопату ў агародзе, на падворку, каля хатняй птушкі. Праўда, Вольга Мікітаўна даўно не датыкалася рукой да пульхнай урадлівай глебы, бо па прычыне нямогласці не можа выйсці за парог. За гаспадаркай сочыць яе дачка Ніна, якая два гады назад прыехала з Гродзеншчыны даглядаць хворую матулю. Не ў стане корпацца ў зямлі і малодшая сястра доўгажыхара Марыя, да якой па выхадных прыязджаюць на дапамогу блізкія. Абедзьве жанчыны ўсё жыццё працавалі ў паляводстве, нарадзілі па пяцёра дзяцей. Муж Вольгі Мікітаўны – удзельнік Вялікай Айчыннай. Кожную вясну ён з Іванам Патапавічам Ганчаровым, Іллём Аўрамавічам Камарэнкам і Аляксандрам Фёдаравічам Ганчаровым апраналіся ў святочныя ўборы і ехалі на святкаванне Дня Перамогі ў Роўкавічы, успаміналі былое, выпівалі «баявых» сто грам за сябе і за тых дзевяць аднавяскоўцаў, што назаўсёды засталіся на франтах вайны. А неўзабаве і самі далучыліся да нябожчыкаў, пакінуўшы гэты свет і сваіх родных.
…Над дахамі старых вясковых пабудоў гуляе свавольны вецер, галосіць мокрым дажджом восеньская хмара і ззяе ліпеньскае сонца. Дзень за днём, адзін за другім выміраюць хаты, дрэвы, людзі. Хутка і апошнія жыхары – хто на могілкі, хто ў горад. І толькі высокія травы на шырокіх прасторах будуць набірацца сілы, налівацца сокам і сумаваць, успамінаючы звонкі свіст тонкага ляза касы, вясёлы смех басаногай дзетвары і сытае мыканне статка кароў на шаўковай пашы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.