Праз даследванне блізкае пазнаць

IMG_6668Да перамогі ў конкурсе даследчых работ вучні камуна-ленінскай базавай школы ішлі пэўны час. «Даследчая дзейнасць, – лічыць намеснік дырэктара Людміла Кебікава, – дае магчымасць бачыць тое, што бачылі ўсе, але думаць так, як не думае ніхто». 

У школе на працягу некалькіх год працуюць аб’яднанні па інтарэсах «Гаспадыня» і сямейны клуб «Камінак». І так ужо склалася, што ўдзельнікам гэтых аб’яднанняў прыйшліся даспадобы пытанні харчавання, местачковай ежы, ранейшага посуду, этыкі і эстэтыкі паводзін за сталом. Назапасіўся багаты цікавы матэрыял і шмат пытанняў, якія патрабавалі высвятлення і дапрацоўкі. Так узнікла ідэя даследчай работы «Кухня і культура харчавання ў ХХ – пачатку ХХІ стагоддзяў у Ленінскім сельскім Савеце». Даследванне праводзілася на працягу двух месяцаў. Гэта былі сустрэчы з носьбітамі, інтэрв’ю, відэаролікі, анкетаванне, экспедыцыі ў суседнія вёскі, удзелы ў майстар-класах. Вызначыліся лідары праекта. Імі сталі вучні школы Леанід Стасенка, Вікторыя Струкава, Аксана Шамоніна. Яны і даводзілі ўсё да лагічнага завяршэння. Набыты матэрыял апрацоўвалі разам з кіраўніком праекта Тамарай Мікалаеўнай Івалгінай і намеснікам дырэктара Людмілай Вячаславаўнай Кебікавай. Гэты праект разглядаўся на раённым этапе конкурса даследчых работ «Культурная спадчына майго краю», быў прызнаны лепшым і прадстаўляў раён на абласным этапе. Там вызначылася, што навучэнка 11 класа гімназіі г. Чачэрска Вольга Прыступа з кіраўніком Валянцінай Аляксееўнай Дзегцяровай таксама займалася распрацоўкай падобнай тэмы. Удзельнікам прапанавалі аб’яднацца і аформіць праект пад агульнай назвай «Кухня і культура харчавання на тэрыторыі Чачэрскага раёна». Сумесная работа была адзначана Дыпломам I ступені і прадстаўляе Гомельскую вобласць на Рэспубліканскім этапе конкурса.
Хочацца адзначыць, што навучэнцы камуна-ленінскай школы Леанід Стасенка, Вікторыя Струкава і Аксана Шамоніна прадстаўлялі свой праект на абласной вучнёўскай канферэнцыі «Гімназічная вясна», дзе былі ўзнагароджаны Дыпломам I ступені ў намінацый «Краязнаўства».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.