Перамаглі і вытрымалі!

IMG_7185З нагоды трыццаць першай гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС у раёне адбыліся тэматычныя мерапрыемствы. 

Непасрэдна 26 красавіка каля манумента адселеным вёскам у Чачэрску прайшоў жалобны мітынг. Словы скрухі і сардэчнага болю ва ўнісон такой жа лірычнай мелодыі вярнулі нас у той жудасны час, калі краіну абляцела дурная вестка пра тэхнагенную катастрофу, якая паламала лёсы тысяч людзей, апустошыла вёскі, атруціла лясы і палеткі. Яшчэ і зараз да родных мясцін са слязамі на вачах і пачуццём вялікага шкадавання прыязджаюць людзі, каб хоць краем лёсу ў чарговы раз датыкнуцца да мінулага, дыхнуць на поўныя грудзі салодкага паветра любай старонкі і без сораму паплакаць над страчаным, над тым дарагім і каштоўным, што раптоўна разарваў ушчэнт атамны выбух чацвёртага энергаблока. Адгалосак гэтай трагедыі да сённяшняга часу не дае спакою, хвалюе і трывожыць. Разам з загубленымі хатамі мы маем прыклады чалавечых ахвяр і ўчынкаў савецкіх людзей, якія бездакорна выконвалі свой грамадзянскі і працоўны абавязак. Ёсць такія патрыёты таксама сярод жыхароў нашага раёна: супрацоўнікі сілавых структур, дзяржаўныя служачыя, вадзіцелі, рабочыя, прадстаўнікі санітарнай і іншых службаў. Шмат давялося потым працаваць тут, на забруджанай радыёнуклідамі тэрыторыі, каб гарантаваць у далейшым светлае і радаснае жыццё будучым пакаленням. Пра нашу вытрымку і духоўную моц распавядалі старшыня райвыканкама Ігар Аслюк, настаўнік гісторыі гімназіі Мікалай Лагойкін і памочнік урача-эпідэміёлага райЦГіЭ Анастасія Азерская.
Нізкі паклон і бязмежная падзяка ўсім, хто не адступіў, не скарыўся і пераадольваў агульнае гора, ствараў аптымальныя ўмовы пражывання насельніцтва, ажыццяўляў працэс адсялення чачаран у чыстыя зоны. Мы перамаглі, мы вытрымалі, мы выжылі!
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.