На крылах старога «кукурузніка» над Чачэршчынай

Аэродром, Ан-2ПБыў час, калі транспартныя зносіны Чачэршчыны абмяжоўваліся гужавымі павозкамі, перамяшчэннем на плытах і параходах. Але пэўны час існавала такая форма абслугоўвання, як авіяпаслуга.

Так, у далёкія 1960-я вынослівы Ан-2П грузападымальнасцю 1500 кг, пралятаючы маршрутам з Гомеля ў Карму, прызямляўся ў нашым райцэнтры і забіраў пасажыраў. Амаль ніколі аднаматорны «кукурузнік» не адпраўляўся ў палёт пустым. Некалькі гадоў яго паслугамі карысталася Соф’я Васільеўна Бяляева, якая такім чынам усяго за нейкі рубель грошай дабіралася на працу ў лазовіцкую школу суседняга Кармянскага раёна, дзе на той час настаўнічала. Шумлівая машына з прапелерам была вялікім дзівам, расказвае жанчына. Аэрапорт, адкуль праводзілі нябесны ціхаход у рэйс Мікалай Старасотнікаў, Іван Пяўнёў і іншыя дыспетчары, размяшчаўся паралельна вуліцы Дзяржынскага, дзе зараз красуюць пястратымі дахамі хаты новай вуліцы Новікава, а чачаране па звычцы называюць той раён «старым аэрадромам».
Вядома, што у сярэдзіне мінулага стагоддзя дабрацца, скажам, да вёскі Палессе было складана: зімой шлях перакрывалі сумёты, восенню – дажджы, а ў красавіку і маі – вясенні павадак. Таму для зручнасці вяскоўцаў курсіраваў туды і назад з Гомеля ў Палессе самалёт умяшчальнасцю 12 пасажырскіх месцаў. Спачатку аэрапорт з’яўляўся часовым, працаваў толькі ўзімку, а калі былы старшыня сельсавета Міхаіл Фёдаравіч Юрчанка наведаўся па гэтаму пытанню ў Савет Міністраў БССР, у 1968 годзе пачалося будаўніцтва новай пляцоўкі для біплана: зараўнялі за вёскай невялікую канаву, раскарчавалі частку лесу, паставілі будынак і неабходнае абсталяванне для назірання за надвор’ем, правялі тэлефонную лінію.

АэродромНевялікі тэрмін адпускаў білеты і прымаў радыёграмы касір Васіль Барысавіч Болсун, а затым яго змяніла Антаніна Іванаўна Аўчыннікава. Кошт адной паездкі для палясчан складаў тры рублі. Заплаціў – і праз 30 хвілін ты на месцы. Зручна і камфортна, а яшчэ і зарад адрыналіну атрымаеш. Крылатая тэхніка рабіла пасадку ў Палессі двойчы на дзень, што было зручна мясцовым жыхарам і вяскоўцам суседніх населеных пунктаў. Скажам, для тых жа людзей з в.Гаёк, бо каб выехаць у абласны цэнтр, ім трэба было толькі прайсці некалькі метраў за ваколіцу – там таксама Ан-2П рабіў авіяпрыпынак, каб прыхапіць жадаючых. Адной з нязручнасцяў у рабоце транспарту з’яўляліся моцныя снежныя ападкі. Але і тут спрацавала чалавечая фантазія – для ўтрамбоўкі снегу зрабілі конную валакушу, якой маглі кіраваць іншы раз нават школьнікі старэйшых класаў. А за тое лётчыкі каталі рабят, кружачыся над верхавінамі лесу. Каму пашчасціла глядзець у ілюмінатар з вышыні птушынага палёту і зараз памятаюць тыя незабыўныя хвіліны і пачуццё, пры якім захоплівала дух.
Акрамя гэтага, у засажэўскай вёсцы Асінаўка дзейнічаў ваенны аэрадром, куды дастаўляліся пасылкі з вялікай зямлі для партызан, і сельскагаспадарчыя – у Крутым і Гарадку, напрыклад, для апрацоўкі з паветра калгасных угоддзяў. І калі ў блакітнай прасторы гудзелі маторы нізка пралятаючага самалёта, унізе людзі з цікавасцю назіралі за магутнай жалезнай птушкай і шчыра радаваліся гэтаму крылатаму дзіву.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.