Цэнтр ткацтва прымае гасцей

центрУ студзені гэтага года пры бабіцкай установе культуры адкрыўся цэнтр ткацтва, дзе сабрана больш за 500 экспанатаў прадметаў вясковага побыту, рушнікі і посцілкі.

За кароткі час існавання турыстычнага аб’екту ў ім пабываў шэраг наведвальнікаў з мэтай азнаямлення з укладам шматгадовага жыцця мясцовых жыхароў і назапашаных за стагоддзі народных традыцыях. Частымі гасцямі тут з’яўляюцца школьнікі, а таксама вясковую адметнасць наведалі нядаўна студэнты з расійскага горада Валакаламска, якія праходзілі на Чачэршчыне вытворчую практыку. Захапленням і ўражанням маладых людзей не было мяжы, так гасцінна і шчыра іх сустракалі хлебам-соллю і духмянай гарбатай з мёдам. А на гэтым тыдні ў цэнтр ткацтва завітала дэлегацыя італьянскай асацыяцыі «Вімеркатэ для Чарнобыля»: дабрадзеі з сонечнай Італіі пакінулі гаспадарам прыемныя водгукі і свае цёплыя сяброўскія поціскі рук. А вось больш канкрэтную дапамогу ў зборы выставачных матэрыялаў аказалі Вера Пятроўна Цеплякова, якая перадала ў дар саматканыя рушнік і фартух, ахвяравала для музейных паліц чатыры посцілкі і тры тканыя дарожкі Таццяна Іванаўна Маркоўская, а бабічанін Міхаіл Іванавіч Краўцоў прынёс два пакеты глінянага посуду, які да гэтага часу пыліўся недзе на гарышчы яго хаты. Такім чынам гістарычны запаснік матэрыяльнай «фурнітуры» штомесяц памнажаецца, каб дастаткова поўна расказаць пра той час, калі людзі не разлічвалі на электронную тэхніку ці сучасныя прылады працы, а спадзяваліся больш на ўласную сілу, спрыяльнае надвор’е і літасць Усявышняга. Захаваць гэтыя каштоўнасці для нашчадкаў – абавязак і гонар калектыву бабіцкай культустановы. І кожны жадаючы можа далучыцца да гэтай карыснай справы, «прэзентаваўшы» на пастаяннае карыстанне старыя рэчы, прадметы хатняга ўжытку бацькоў і дзедаў.
В.БАГДАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.