Іх прызванне – служыць мастацтву

IMG_5754У маі споўніцца роўна 50 гадоў, як пачала адлік культурна-выхаваўчай дзейнасці дзіцячая школа мастацтваў. Як усё пачыналася, як мацнела ўстанова і развіваўся вучэбны працэс, могуць расказаць «старажылы» дшм, вопытныя педагогі.

Літаральна на першых кроках жыцця школы прыйшла сюды на працу ў 1969 годзе Лілія Аляксандраўна Пярынская. Настаўнік класа харавога дырыжыравання з маленства мела прагу да высокага мастацтва і ўсе гэтыя гады навучала дзяцей правільна ўспрымаць музыку, любіць яе і разумець сюжэт твора, слухаць мелодыю сэрцам. З пяшчотай і настальгіяй успамінае яна свой першы выпуск. Выдатна вадзілі пальцамі па клавішах фартэпіяна, былі таленавітымі вучнямі і сталі добрымі людзьмі Людміла Хлебаказава, Наталля Смоліч, Таццяна Вараб’ёва, Святлана Лашкевіч, Вольга і Аляксандра Лімантавы, Антаніна Канусевіч, Алеся Смірнова. Лілія Аляксандраўна ўпэўнена, што годнае месца ў грамадстве яны займаюць яшчэ і таму, што ў іх лёсе была музыка – адзін з прыгожых сродкаў выхавання асобы, чалавека чуллівай і ўспрымальнай натуры.
…Па чорна-белых гузіках акардэона спрытна ходзіць рука Вольгі Паўлаўны Самусевай. У мінулым годзе жанчына адзначыла 30-годдзе на настаўніцкай ніве пры школе мастацтваў. У яе таксама ёсць любімыя выпускнікі, якімі хочацца ганарыцца: Вольга Качарга, Наталля Салюценка. А Ксенія Кручык, Вольга Бацанава, Алег Брыцікаў сталі яе калегамі, вярнуўшыся пасля павышэння ведаў па профілі назад у Чачэрск.
Адна за другой уліліся ў калектыў у канцы 1990-х спецыяліст з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй Ганна Паніматка і Алена Басаргіна. Амаль палова тых, хто прыходзіў да Ганны Анатольеўны за навыкамі ігры на цымбалах, звязалі ў далейшым лёс з культурай, многія засталіся будаваць сваё будучае на малой радзіме. Магчыма, і сённяшняя вучаніца Дзіана Корхава, якая плануе паступіць у дзяржаўны каледж мастацтваў імя Н.Ф.Сакалоўскага, у хуткім часе атрымае настаўніцкі статус, або праславіць Чачэршчыну выдатнымі творчымі поспехамі. А вось Алена Сяргееўна ўжо зараз адчула ўсю асалоду ад педагагічных намаганняў і ўласнага плёну – яе выпускніца Марыя Акінша з’яўляецца навучэнцам дадзенага каледжа, а дырэктарам школы зараз працуе яе былая наведвальніца заняткаў Ірына Карнеенка.
Пакінулі добры след у працоўнай дзейнасці таленавітыя аматары музычнага гуку Раіса Рыбянчанка, Людміла Кузняцова і іншыя, доўгі час была сакратаром установы Валянціна Пятроўна Грэчка. А як не ўспомніць імя Зінаіды Браніславаўны Яроменка, якая больш за 30 гадоў, у тым ліку ў якасці кіраўніка школы, далучала падлеткаў да прыгожага, унікальнага і класічнага. Кожны, хто выбраў для сябе работу ў ДШМ і ўзяў у рукі ноты, не проста настаўнік. Гэта людзі асобага складу, дырыжоры глыбокіх пачуццяў і ўнутраных перажыванняў, выхавацелі творчых інтарэсаў, магі чалавечай душы і настрою. Музыка – выток дабрыні і святла, пакуль яна гучыць, на зямлі працвітае жыццё.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.