З вытокаў мудрасці народнай

У мэтах захавання традыцыйнай Бацькаўшчыны на тэрыторыі вёскі Бабічы расчыніў дзверы ўнікальны па сваёй сутнасці музей народнай творчасці.
Згодна распрацаванай спецыялістам метадычнага аддзела раённага Дома культуры Зояй Казловай мясцовай ініцыятыве «Цэнтр ткацтва: захоўваем культуру разам» у рамках Праекта Е/С ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», аўтарская ідэя была пацверджана і на яе рэалізацыю паступіла 13 800 еўра. Увесь мінулы год у Бабіцкім ЦНТМП ішлі падрыхтоўчыя работы, назапашваліся прадметы хатняга ўжытку вяскоўцаў, тэарэтычны матэрыял, рыхтавалася экспазіцыйная скарбонка тканых рушнікоў і посцілак. І вось на гэтым тыдні музей ткацтва набыў афіцыйны статус культурнай каштоўнасці краю. На ўрачыстае адкрыццё прыехалі спецыяліст Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Аляксандр Наўгародскі, прадстаўнікі раённай вертыкалі і мясцовай улады, начальнікі аддзелаў райвыканкама і іншыя запрошаныя. Увазе гасцей паўсталі ажыўшыя фрагменты былога вясковага побыту з глінянымі збанамі, вышыванымі абрусамі, драўлянымі дзежкамі і лазовымі кашамі. Але галоўным атрыбутам беларускай хаткі сталі кросны і ткацкія станкі, на якіх стануць праводзіцца практычныя заняткі. Выкладаць урокі бабулінага майстэрства маладому пакаленню будзе бабічанка Людміла Мудракова, якая 25 гадоў на фабрыцы мастацкіх вырабаў займалася выпускам тэкстыльнай прадукцыі і не забылася, як па тонкіх ільняных нітах туды-сюды бегае шустры чаўнок.
Дырэктар культурнай установы Людміла Міхалкоўская правяла экскурсію па экспазіцыйных залах Цэнтра з прымяненнем інтэрактыўных элементаў і дэманстрацыі майстар-класаў, а ў гасцёўні «Бабуліны пачастункі» прысутным прапанавалася пакаштаваць традыцыйныя стравы і гарачую гарбату.
– Гэта мясцовая ініцыятыва мае шанец на жыццё, – сказала намеснік старшыні райвыканкама Юлія Басаргіна. – Цяпер трэба толькі шырока сябе прарэкламаваць, каб у Бабічы пацягнуліся турысты і аматары народнай творчасці. І аналагічныя праекты неабходна ажыццяўляць на ўсёй тэрыторыі раёна, каб прыцягнуць увагу падарожнікаў і, вядома ж, фінансавыя сродкі. Чачэрскі край – прыгожы і багаты на ўнікальныя духоўныя каштоўнасці. Гэтым скарбам трэба падзяліцца з іншымі, каб нашу спадчынную культуру, талент людзей і ўнікальнасць прыроды ведалі далёка за межамі раёна. Няхай традыцыйныя плыні Чачэршчыны бягуць і паўнеюць штогод.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.