Свяціцель Васіль Вялікі

IMG_0326У кожнай вёсцы Чачэршчыны ёсць свае прыстольныя святы і гадамі назапашаныя бацькоўскія звычаі.
На мінулым тыдні, зберагаючы мясцовыя традыцыі, да абраза цудатворцы Васіля Вялікага зноў прыйшло насельніцтва аграгарадка Залессе, каб памаліцца, схіліць калена і папрасіць Боскай літасці. Праведны лік старой іконы вось ужо пятую зіму знаходзіцца ў хаце залясчанкі Галіны Антонаўны Калачовай. Лічыцца, што каштоўная святыня абараняе населены пункт ад няшчасных выпадкаў, захоўвае мір і спакой у кожным двары, служыць абярэгам ад прыроднай стыхіі і рознай напасці. Духоўную рэліквію зберагла калісьці для нашчадкаў былая жыхарка баба Лукер’я: калі ў 1943 годзе фашысты пры адступленні запалілі вёску, агонь пажару паглынуў усё на сваім шляху. Але смяротнае полымя не кранула дарагую святыню, якую старая схавала ў падполлі. Да нядаўняга часу ікону насілі з хаты ў хату на зімовае свята Васілле. Перад гэтым яе апраналі ў новыя ўборы, рыхтавалі для гасцей смачныя стравы і наводзілі ў хаце парадак. Лічылася, што прыняць свячу мае права толькі прыстойная, набожная сям’я, дзе гаспадары і дамачадцы не маюць шкодных звычак, прытрымліваюцца царкоўных канонаў і не зганьбілі сваю душу дрэннымі думкамі і непрыстойнымі ўчынкамі. А калі нешта такое і сталася, то трэба было абавязкова выправіцца і змяніць негатыўны стыль жыцця.
Зараз вобраз збірае вернікаў каля чырвонага кута домаўладання Галіны Антонаўны. Людзі нясуць сюды аброчныя дары, свечы, капейкі, рушнікі, а разам з тым свой боль і спадзяванні. У мінулым годзе, дзякуючы шчодраму клапатліваму сэрцу адданай верніцы і яе мужа, ікона была адрэстаўрыравана і займела шанец яшчэ на доўгае жыццё дзеля служэння чалавеку і яго духоўнаму абагачэнню. А калі ў Залессі пабудуюць храм, жыватворчая царкоўная рэліквія зойме адно з галоўных месцаў святой абіцелі, каб дакрануцца да вобраза Васіля Вялікага мог кожны, каму неабходна маральная падтрымка і спагада нябёсаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.