Культурная спадчына Чачэршчыны

Кнопочки НисимковичАнсамбль нісімкавіцкай школы «Кнопачкі» адзначаны Дыпломам ІІІ ступені ў абласным конкурсе «Шануйце спадчыну сваю».
З перамогай мы павіншавалі ўдзельнікаў і пагутарылі з кіраўніком творчага калектыву. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Надзея Цімашэнка працуе ў сферы адукацыі больш за 20 гадоў. Пачынала важатай у Бабічах, а зараз, акрамя выкладання сваіх прадметаў, далучае да нацыянальнай спадчыны і мясцовых традыцый вучняў пачатковых класаў. Гэта дзейнасць пабудавана на цесным супрацоўніцтве з нісімкавіцкім Домам культуры. Музычны кіраўнік ўстановы Таццяна Баранава нават прыдумала назву «Кнопачкі» і ўвогуле заўсёды дае слушныя парады па падрыхтоўцы нумароў, афармляе касцюмы.
У кастрычніку мінулага года агульнай ідэяй захавання спадчыны нашых продкаў дарослыя аб’ядналі 11 хлопчыкаў і дзяўчынак. У вольны час яны спяваюць, танцуюць, гуляюць. Дарэчы, менавіта накірунак гульнёвага фальклору найбольш зацікавіў маленькіх вяскоўцаў, удалым атрымалася выступленне і ўразіла журы.
«У маім дзяцінстве, якое прайшло ў пасёлку Усошнае, традыцыйныя забавы былі часткай жыцця, – расказвае Надзея Пятроўна. – Памятаю, бабуля Ганна Гулевіч вельмі прыгожа спявала. Яе голас разліваўся за працай, у полі, на адпачынку. Таленавітую дзяўчынку запрашалі вучыцца, але бацька (мой прадзед) забараніў: трэба было дапамагаць па гаспадарцы. Сёння ў дзяцей шмат магчымасцяў і мы павінны знаёміць іх з духоўнымі каштоўнасцямі. Вось у святочныя дні існавалі пэўныя мясцовыя звычаі. Напрыклад, на Каляды мы з братам сядзелі на печы. Ён расказваў свой верш, я – свой, а потым бабуля сыпала арэхі, цукеркі, семкі… Мы іх збіралі, частаваліся, а маці пякла бліны. Даводзілася таксама ўдзельнічаць у абрадзе провадаў вясны. Для нас гэта цікава і натуральна. На жаль, з цягам часу не ўсё захавалася ў памяці, але тое, што вяскоўцы збераглі – пастараемся перадаць наступнаму пакаленню».
Гэту працу немагчыма абмежаваць нейкімі рамкамі. Справе зберажэння культуры служыць і арганізаваны ў школе музейны пакой, дзе прадстаўланы экспанаты мінулага стагоддзя, сабраныя ў мясцовых жыхароў. Папаўненне паліц і ўзбагачэнне духоўнага свету працягваецца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.