«Дзе мы ходзім, дзе мы пахаджаем…»

калядыУ вёсцы Бабічы традыцыі бацькоў імкнуцца перадаць нашчадкам. Калі не атрымоўваецца захаваць звычай цалкам, калі з цягам часу асобныя яго часткі згубіліся, ажыццяўляецца паказ пэўных элементаў з прымяненнем сучасных састаўных, якія дэманструюць удзельнікі народнага калектыву «Лёс».
Раней па дварах хадзілі дзвюма групамі: замужнія жанчыны ў святочных сукенках спявалі «Святы вечар», «Хрыстос нарадзіўся», а моладзь калядавала з тэатралізава-нымі персанажамі. У Бабічах, як і на большай тэрыторыі Беларусі, галоўным героем шчадровак з’яўляецца Каза, ролю якой прапануюць самай маладой і гарэзлівай дзяўчыне, або жваваму хлопцу. Як сімвал багацця і дабрабыту гурт часцей за ўсё суправаджае Мядзведзь. Абавязкова прысутнічаюць цыганы – каб паваражыць гаспадарам на добры лёс і жыццё доўгае, ды на шчаслівае каханне. І, канешне ж, неад’емнай часткай вандравання ад хаты да хаты служыць васьміканцовая калядная зорка – бадай што, самы важны атрыбут усёй абрадавай дзеі. У дадатак да калектыву далучаецца яшчэ і дзеючая асоба згодна бягучаму году па ўсходняму гараскопу, альбо проста астролаг. Сёлета ў сваю кампанію калядоўшчыкі прынялі Пеўня, вырабленага з пап’е машэ.
Так, з песнямі, музыкай і танцамі бабіцкія блазны вітаюць аднавяскоўцаў, сяброў і родных, прыгаворваючы такімі радкамі: «Добры вечар таму, хто ў гэтым даму. Памолімся Богу за жыццёвую дарогу, за хлеб і каўбаску, ды за Гасподнюю ласку». Альбо так: «Дай табе Божа, пане гаспадару, піва варыці, сынкоў ажаніці, два кошыкі маку і шмат іншага прысмаку»… Набегаўшыся па падворках ды наспяваўшыся шчадровак, моладзь садзіцца за агульны стол і глыбока за поўнач усе выпіваюць, закусваюць і весяляцца. Раней неабходнай умовай быў для іх яшчэ адзін атрыбут свята: на зорцы прачыналіся і зноў абягалі тыя падворкі, дзе шчадравалі, каб абсыпаць хату зернем – знак таго ж дабрабыту і раскошы. Зараз жа звычайна сама гаспадыня, выходзячы раніцай на двор, сыпле пшаніцу з рознымі прыгаворамі на здароўе і дастатак.
Пакуль жыве традыцыя, будзе і надзея на светлы дзень, сытны стол, добры ўраджай і станоўчае самаадчуванне.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.