Утульна ў хаце, цёпла на сэрцы

IMG_5309Жыхары вёскі Бабічы Міхаіл Дзмітрыевіч і Алена Якаўлеўна Турмасавы – нашчадкі невялікага знікнуўшага пасёлка Карма, што калісьці размяшчаўся ў пяці кіламетрах на ўсход. Яны разам раслі і разам пайшлі ў вялікае жыццё, поруч працавалі і гадавалі дзяцей. Так праляцела ўжо амаль 55 гадоў.
Знікла за заслонай часу мінулага стагоддзя маленства гаспадара, але нават сёння ён не можа стрымаць слёз, калі ўспамінае адзіную сустрэчу з бацькам. Чырвонаармеец Дзмітрый Сяргеевіч у 1943-м абараняў Гомельшчыну. На адзін дзень яго адпусціў камандзір дадому. З Веткі давялося ісці пешшу, каб на хвіліну абняць трохгадовага сына і прынесці яму на гасцінец цукру. Больш убачыцца ім ужо не давялося. Міхась рос сіратой, працаваць, як сапраўдны мужчына, навучыўся сам. У юнацтве ваенным камісарыятам быў накіраваны на курсы вадзіцеляў у далёкі Краснаярск. Абранай прафесіі верны ўсё жыццё, як і малой радзіме. Скончыўшы навучанне, вярнуўся да састарэлай маці. А неўзабаве стварыў сям’ю з добрай дзяўчынай Аленай. Пакуль муж, ударнік камуністычнай працы, за рулём, яна завіхалася ў калгаснай паляводчай брыгадзе, паспявала дагледзіць чацвярых дзяцей і ў вольную хвілінку вышывала. Паставіць хату маладым дапамагалі аднавяскоўцы. Зробленая ўмелымі рукамі, яна і сёння на зайздрасць свежая, утульная, светлая. Своеасаблівы подых з тых часоў – разьбяныя налічнікі на вокнах. Іх зрабіў таленавіты глуханямы майстар з Рудні Нісімкавіцкай, якога ўжо няма на гэтым свеце. Цяжка прыгадаць нават прозвішча (можа, Гулевіч, сумняваюцца суразмоўцы), бо ўсе называлі яго проста Нямы, а вырабы перажылі творцу і да сённяшняй пары служаць людзям.
Раней ў Бабічах была моцная гаспадарка, амаль у кожным двары трымалі карову, а зараз толькі зрэдку падае голас рагуля – іх засталося ўсяго некалькі на ўсю акругу. Міхаіл Дзмітрыевіч і Алена Якаўлеўна збылі вернага памочніка – каня – бо цяжка даглядаць скаціну, калі розныя хваробы ўсё часцей нагадваюць пра напружаныя працоўныя дні. Але ж гаспадары па-ранейшаму засяваюць агарод. Яны сабралі багаты ўраджай бульбы і памідораў, назапасілі дастаткова гародніны на ўсю зіму.
Сёлетні кастрычнік чакаюць пенсіянеры з асаблівым хваляваннем, бо ў гэтым месяцы стануць прабабуляй і прадзядуляй. Дарэчы, яны ўжо маюць сямёра ўнукаў, з усмешкай расказвае пра сваіх родненькіх гарэз гаспадыня. І такое замілаванне ў яе вачах! У позірку – цеплыня сэрца.
Лідзія ХАРАШЫЛАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.