У Мінску гандлявалі пад спевы чачаран

IMG_5133Чачэрскія артысты прынялі ўдзел у сельскагаспадарчым кірмашы, які адбыўся ў мінулую нядзелю ў Мінску.
Шчодрыя восеньскія базары разгарнуліся па ўсёй краіне.
Сталічныя жыхары таксама назапашвалі садавіну і агародніну, а заадно падпявалі і прытанцоўвалі разам з народнымі ансамблямі народнай песні і музыкі «Чачэрцы» і «Чачэрскі гармонік». Шчырымі апладысментамі сустракалі слухачы салістаў Аляксея Дзем’яновіча, Вольгу Лазарэнка, Юлію Паціпка, Марыю Мамекіну і Святлану Новікаву. З запалам вітала публіку са сцэны Валянціна Буланава. У той дзень нашы артысты падзялялі пляцоўку ля спартыўнага комплексу «Чыжоўка-арэна» з культработнікамі са Светлагорскага і Гомельскага раёнаў. Адным словам, той, хто прыйшоў на кірмаш, набыў не толькі бульбу з капустай, але і добры настрой, і зарад бадзёрасці. Удала падабраны рэпертуар падабаўся аматарам розных музычнах накірункаў. Фальклорныя матывы змянялі эстрадныя мелодыі, гукі гармоніка – папулярныя рытмы… А таму мінчане розных узростаў з усмешкамі падыходзілі да сцэны, а некаторыя нават цікавіліся, ці можна набыць дыск з непаўторнымі галасамі чачаран.
Тым часам на гандлёвых радах ішоў бойкі продаж. Сваю прадукцыю прапаноўвалі прадпрыемствы з усёй рэспублікі, фермеры і майстры, добрыя гаспадары, якія вырасцілі на ўласных сотках больш, чым трэба для сям’і на зіму. Хтосьці нахвальваў тавар, хтосьці шукаў самы танны і якасны, а журналіст не пераставаў здзіўляцца працавітасці нашага народа, яго шырокай душы. Колькі ж трэба шчыраваць на зямлі, каб сабраць такі ўраджай!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.