Падарунак для чачэрскіх майстроў высокіх надояў

IMG_55308Адбылася чарговая сустрэча членаў клуба майстроў высокіх надояў. Мінулым пятнічным вечарам старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Анжаліка Краўчанка прапанавала наведаць Гомельскі абласны драмтэатр, дзе гастралююць артысты з Чарнігава. Дзеля гэтага ёсць двайная нагода: аб’яўлены ў краіне Год культуры і перадавыя паказчыкі па вытворчасці малака.
На музычную камедыю «Ноч перад Раством» былі запрошаны лепшыя аператары машыннага даення па выніках працы за першае паўгоддзе. Каб стаць лідарам, Галіна Таўкачова з Сапрык атрымала 149,3 тоны малака, 2 715 кг на карову. Людміла Куцанава (ААТ «Батвінава») мае на сваім рахунку 133,4 тоны, 3099 кг на карову. Прыбытак Валянціны Дзямідавай склаў 166 тон, 2 666 кг на карову. Прычым улічвалася якасць: толькі прадукцыя вышэйшага гатунку і экстра можа прынесці перамогу.
У раскладзе вясковых жанчын, як вядома, цяжка вылучыць вольную хвіліну, але шчыра папрацаваўшы, трэба адпачыць душой. Думкі пра гаспадарчыя справы не пакідаюць нават у дарозе. Прадстаўніцы розных прадпрыемстваў гутарылі пра свае метады догляду за жывелай ды параўноўвалі заробкі. Нарэшце занялі свае месцы ў глядзельнай зале, ахінуў змрок студзеньскай ночы. Так, акцёры здолелі цёплым восеньскім вечарам стварыць натуральную казачную атмасферу. У пастаноўцы па аповесці Мікалая Гогаля перапляліся старажытныя легенды і побытавыя сцэны ХІХ стагоддзя. Размаўлялі і спявалі героі на ўкраінская мове, а яшчэ заліхвацкі таньчылі і весялілі публіку. Што больш кранула гледачоў – прафесійнае майстэрства ці братэрская шчырасць – цяжка сказаць. Спадабалася ўсё, але абмяркоўваючы выкананне роляў, кожны адзначыў, на яго думку, самага ўдалага персанажа. Камусьці спадабалася хітрая Салоха, камусьці – гарэза чорт, а хтосьці ўздыхаў аб плячыстым кавалі Вакуле.
«Заўтра ў шэсць гадзін раніцы – на дойку, – ледзь ад’ехаўшы ад драмтэатра планавалі працаўніцы. – А яшчэ з хатняй гаспадаркай справіцца, так што ўставаць трэба не пазней чатырох… Але часам проста неабходна дакрануцца да культурнага свету».
Лідзія ХАРАШЫЛАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.